МІНСК, 16 чэр - Sputnik. Сёння на тэрыторыі спартыўнага комплексу "Лужнікі" ў Маскве праходзіць Усерасійскі алімпійскі дзень.
У рамках свята прайшлі провады нацыянальнай зборнай Расіі, якая выступіць на II Еўрапейскіх гульнях у Мінску.
Алімпійская каманда перадала сцяг расійскай зборнай, у якую ўвайшлі 225 атлетаў. Кіраўнік Алімпійскага камітэта Расіі Станіслаў Пазнякоў уручыў яго спартсмену Антону Асіпенке.
"Дзякуй за аказаны давер. Зборная каманда Расіі зробіць усё, каб стаць першымі на гульнях, і працягне гэтую традыцыю", - запэўніў сцяганосец расійскай зборнай.
Раней падчас тэлемосту Масква - Мінск у МПЦ Sputnik Станіслаў Пазнякоў распавёў, што расійскія спартсмены разлічваюць заваяваць на стартах ў Мінску каля 70 узнагарод, з якіх 30 залатых. Гэта заяўка на першае агульнакаманднае месца. Першая партыя расійскіх атлетаў накіруецца ў беларускую сталіцу 17 чэрвеня.
"Сёння мы адкрылі 30-й алімпійскі дзень, прысвечаны провадам нашай каманды на Еўрапейскія гульні ў Мінск і 125-годдзю Міжнароднага алімпійскага камітэта. Спорт у нашай краіне з'яўляецца вельмі важнай і неад'емнай часткай грамадскага жыцця", - сказаў у Лужніках Станіслаў Пазнякоў журналістам.
У Беларусі II Еўрапейскія гульні пройдуць у перыяд з 21 па 30 чэрвеня. Атлеты будуць спаборнічаць за 201 камплект медалёў у 19 відах спорту.