МІНСК, 17 чэр - Sputnik. Распрацоўваецца пілотны праект па будаўніцтве завода кар'ерных самазвалаў БелАЗ у РФ, пра гэта ў панядзелак паведаміў дзяржаўны сакратар саюза Расіі і Беларусі Рыгор Рапота.
Падчас пасяджэння 56-й сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі Рапота адзначыў, што прамысловая палітыка дзвюх дзяржаў рэалізуецца, у прыватнасці, на аснове буйных сумесных вытворчасцяў.
"Міністэрства прамысловасці і гандлю Расіі і Мінэканомікі Беларусі прапрацоўваюць пілотны праект па вытворчасці на расійскай тэрыторыі кар'ерных самазвалаў ААТ "БелАЗ", - распавёў дзяржсакратар.
Паводле яго слоў, з расійскага боку ўдзельнікам праекту могуць стаць яраслаўскае ААТ "Аўтадызель" і піцерская кампанія "Сілавыя машыны".
Рапота дадаў, што лічыць перспектыўнымі праекты, якія рэалізуюцца беларускім холдынгам "Амкадор" у Бранскай вобласці і ў Карэліі, а таксама сумесны праект з МАЗам па стварэнні аўтамабіляў на газаматорным паліве ў Чэлябінскай вобласці.
БелАЗ - адзін з найбуйнейшых сусветных вытворцаў кар'ернай тэхнікі, галаўное прадпрыемства размешчана ў горадзе Жодзіна. У мінулым годзе холдынг пабудаваў рэкордную колькасць самазвалаў вялікай грузападымальнасці. Прадукцыя БелАЗа экспартуецца ў больш як 50 краін свету, значная частка паставак прыходзіцца на Расію.