Тысячы гектараў пасеваў сяльгаскультур гінуць у Брэсцкай вобласці

Ад засухі пацярпелі ўжо амаль 20 тысяч гектараў збожжавых у Брэсцкай вобласці, але адчайвацца не варта, запэўніваюць мясцовыя ўлады.
Sputnik

МІНСК, 21 чэр - Sputnik. Сяльгасугоддзі ў Брэсцкай вобласці пакутуюць ад засухі, паведамілі ў эфіры тэлеканала АНТ.

Аграрыі паведамілі пра гібель ураджаю на поўдні Беларусі з-за спякоты

Анамальна гарачае надвор'е ўсталявалася ў Беларусі ад пачатку месяца - тэмпература паветра на некалькі градусаў вышэй за кліматычную норму, пры гэтым не выпала нават траціны месячнай нормы ападкаў.

Цяжэй за ўсё засуху пераносяць збожжавыя культуры, у прыватнасці, пшаніца і жыта. Ад недахопу вільгаці ў Брэсцкай вобласці пацярпелі ўжо амаль 20 тысяч гектараў збожжа.

"На сёння адчайвацца не трэба. Усё робіцца для таго, каб было зерне. Сеецца проса, сеюцца іншыя культуры. Сёння больш кукурузы будзе пакінута на зерне. Задача стаіць, каб харчовая бяспека і неабходны фураж збожжа быў забяспечаны", - сказаў першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Валерый Рабкавец.

Стаўкі робяць на кукурузу, плошча пасеву культуры сёлета павялічылі прыкладна на 20 тысяч гектараў. Дзякуючы ёй можна кампенсаваць недабор кармоў - у адрозненне ад іншых культур яна больш цягавітая.

Спецыялісты пацвярджаюць: у сувязі са спякотай і недаборам ападкаў аграметэаралагічная абстаноўка ў рэспубліцы даволі складаная, а найбольш неспрыяльныя ўмовы адзначаюцца ў Гомельскай вобласці.