II Еўрапейскія гульні: беларусы заваявалі 14 медалёў 22 чэрвеня

Першую ўзнагароду вышэйшай пробы Беларусі прынеслі акрабаткі Вераніка Набокіна, Юлія Івончык і Карына Сандовіч. Дзяўчыны даказалі, што яны лепшыя ў групавых балансавых практыкаваннях.
Sputnik

МІНСК, 23 чэр - Sputnik. Чарговы спаборніцкі дзень на II Еўрапейскіх гульнях завяршыўся 22 чэрвеня, для беларусаў ён стаў паспяховым: нашы заваявалі 14 медалёў, з іх чатыры - залатыя.

Першую ўзнагароду вышэйшай пробы Беларусі прынеслі акрабаткі Вераніка Набокіна, Юлія Івончык і Карына Сандовіч. Дзяўчыны даказалі, што яны лепшыя ў групавых балансавых практыкаваннях. Пазней у гэты ж дзень яны ўзялі яшчэ і бронзу ў дынамічных практыкаваннях.

Залаты медаль заваявалі таксама Артур Белякоў і Вольга Мельнік, якія сталі першымі на спаборніцтвах змешаных пар у балансавых практыкаваннях. Дамагліся поспеху яны і ў дынамічных практыкаваннях, узяўшы бронзу.

Трэцім золатам беларусаў парадаваў самбіст Аляксандр Кокша, а чацвёртую ўзнагароду вышэйшай пробы заваявала самбісткі Анжэла Жылінская.

Чэмпіёнаў з перамогамі павіншаваў прэзідэнт Беларусі.

Наша краіна цяпер займае другое месца ў медальным заліку, лідары - расіяне, у якіх 18 медалёў, у тым ліку дзевяць залатых.

Сёння вызначацца ўладальнікі 37 камплектаў узнагарод, максімальная колькасць будзе разыграна ў самба і лёгкай атлетыцы - па дзевяць камплектаў.