Чарговы тэмпературны рэкорд дня пабіты ў Беларусi 26 чэрвеня

З пачатку чэрвеня ў рэспубліцы 17 раз абнаўляліся не толькі тэмпературныя рэкорды асобных дзён, але і тэмпературныя максімумы месяца.
Sputnik

МІНСК, 27 чэр - Sputnik. Тэмпературны рэкорд дня за ўсю гісторыю метэаназіранняў пабіты ў Беларусi 26 чэрвеня, пра гэта сведчаць дадзеныя карты тэмпературных максімумаў і архіўныя дадзеныя на рэсурсе Meteoinfo.by.

Амаль два тыдні запар у Беларусі абнаўляліся тэмпературныя рэкорды

Рэкардсменам у гэты раз стаў горад Высокае ў Брэсцкай вобласці. У сераду, 26 чэрвеня, слупок тэрмометра там дасягнуў адзнакі ў +34,4°С. Гэта на 0,7°С больш, чым папярэдні рэкорд, зафіксаваны ў гэты дзень ў 2016 годзе ў Драгічыне Брэсцкай вобласці.

Абнавіліся таксама тэмпературныя максімумы ў некаторых гарадах Беларусі. Так, у Гродна паветра прагрэлася да +33,2°С, што на 0,2°С больш за папярэдні максімум. У Брэсце тэмпература паветра дасягнула +34°С, што на 0,6°С больш за мінулы рэкорд абласнога цэнтра. Абнавіліся тэмпературныя максімумы таксама ў Ваўкавыску - там было +33,5°С (супраць +33,2°С), у Лідзе +32,4°С (папярэдні максімум +32°С) і ва ўжо згаданым Высокім - ранейшы рэкорд там складаў +33,2°С. Усе гэтыя рэкордныя значэння былі зафіксаваныя 26 чэрвеня 2016 года.

Нагадаем, тэмпературныя рэкорды пачалі фіксавацца ў Беларусі з 4 чэрвеня. З гэтага моманту максімумы абнаўляліся ўжо 17 раз. Прычым не толькі ў асобных гарадах, але і па ўсёй рэспубліцы.

Разлічваць на новыя рэкорды ў бліжэйшыя дні не прыходзіцца: сіноптыкі папярэдзілі пра тое, што ў краіну з 27 чэрвеня прыйдзе пахаладанне. Акрамя таго, на чацвер па краіне абвясцілі штармавое папярэджанне з-за ліўняў, навальніц і шквалістага ветру.