Галандская чыгуначная кампанія выплаціць кампенсацыі ахвярам Халакосту

Кампанія ў 1940-х працавала па замове акупацыйных сіл фашысцкай Германіі - яе цягнікі дастаўлялі галандскіх яўрэяў у розныя канцлагеры.
Sputnik

МІНСК, 27 чэр - Sputnik. Галандская чыгуначная кампанія (NS) плануе выплаціць некалькі дзясяткаў мільёнаў еўра ў якасці кампенсацый ахвярам Халакосту за перавозку людзей у лагеры смерці падчас Другой сусветнай вайны, паведаміла выданне Daily Mail.

Кампанія ў 1940-х працавала па замове акупацыйных сіл фашысцкай Германіі - яе цягнікі дастаўлялі галандскіх яўрэяў у розныя канцлагеры. У выніку каля 107 тысяч з 140 тысяч яўрэйскага насельніцтва Нідэрландаў былі інтэрнаваныя ў Вестэборк, а затым адпраўленыя ў Асвенцым, Сабібор і Берген-Бельзэн.

У NS назвалі той час "чорнай старонкай у гісторыі кампаніі" і заявілі, што маюць намер выплаціць кампенсацыі пацярпелым і іх сваякам.

"Паводле ацэнак, некалькі тысяч чалавек маюць права на атрыманне дапамогі, у тым ліку каля 500 тых, хто выжыў. NS выдзеліць на гэтыя мэты некалькі дзясяткаў мільёнаў еўра ў бліжэйшыя гады", - гаворыцца ў заяве кампаніі.

У NS таксама заявілі, што каля паўтысячы ахвяраў Халакосту, якіх перавозіла кампанія і якія зараз жывуць, атрымаюць па 15000 еўра, удовам і удаўцам выдзеляць па 7500 еўра, дзецям ахвяр па 5000 еўра.

Усяго на атрыманне кампенсацый ад Галандскай чыгуначнай кампаніі, паводле папярэдніх ацэнак, могуць разлічваць каля шасці тысяч чалавек.