У Гомелі ўсталявалі помнік братам-франтавікам Лізюковым

Гамяльчане браты Лізюковы загінулі ў розных месцах на франтах Другой сусветнай, але сёння "вярнуліся" ў родны горад і будуць тут стаяць у бронзе.
Sputnik

ГОМЕЛЬ, 4 ліп - Sputnik. У абласным цэнтры на Дзень Незалежнасці адкрылі помнік героям Другой сусветнай - братам-франтавікам Лізюковым.

Усе трое паклалі свае жыцці на алтар Перамогі, двое з іх - камандзір пятай танкавай арміі Аляксандр Лізюкоў і палкоўнік-артылерыст Пётр Лізюкоў - ганараваныя званнямі Героя Савецкага Саюза. Самы старэйшы Яўген партызаніў на Міншчыне, загінуў у ліпені 1944 года, здзейсніўшы подзвіг. Пытанне аб прысваенні яму высокага звання застаецца адкрытым.

У Гомелі ўсталявалі помнік братам-франтавікам Лізюковым

Сям'я ўнікальная, лёс братоў няпросты. Аляксандр, напрыклад, напярэдадні вайны каля года правёў у засценках НКУС, яго абвінавацілі ў падтрымцы змовы вайскоўцаў. Суд апраўдаў камандарма, не знайшоўшы ніякіх доказаў віны. Аляксандр Ільіч мог раззлавацца на ўладу, зняверыцца ў сваіх перакананнях, але не зрабіў гэтага і на трэці дзень пасля пачатку вайны пайшоў на фронт граміць ворага.

У Гомелі ўсталявалі помнік братам-франтавікам Лізюковым

Ідэю ўзвядзення помніка легендарным землякам Гомель выношваў адзінаццаць гадоў. Упершыню ў высокіх кабінетах пра гэта загаварылі сваякі Лізюкова. У сям'і Івана Афанасьева, унучатага пляменніка Аляксандра Ільіча, не жадалі мірыцца з тым, што ў родным горадзе герояў ёсць толькі сціплы школьны музей і названая ў гонар братоў вуліца. А калі ў Афанасьева пыталіся, чаму помнік павінен быць Лізюковым, а не наогул вызваліцелям, той адказваў, што прыйшоў час персаніфікаваць памяць пра вайну. Настойвае на гэтым і зараз.

У Гомелі ўсталявалі помнік братам-франтавікам Лізюковым

"Амаль 75 гадоў прайшло пасля Перамогі, выраслі пакаленні, якія вялізныя развагі пра народ-пераможцу ўжо не ўспрымаюць. Сёння запатрабаваныя акцыі накшталт "Беларусь памятае", дзе кожны можа з гонарам заявіць пра сваіх продкаў. Але такіх сем'яў, як Лізюкова, адзінкі, на ўвесь СССР іх усяго толькі дванаццаць. Думаю, яны заслужылі помнік у родным горадзе", - тлумачыць сваю пазіцыю Іван Афанасьеў.

У Гомелі ўсталявалі помнік братам-франтавікам Лізюковым

Першыя эскізы з'явіліся чатыры гады таму. Канцэпцыя некалькі разоў змянялася, як і месца ўстаноўкі будучага помніка. Сярод варыянтаў разглядаліся абласны музей ваеннай славы, сквер перад тэхнічным універсітэтам, вуліца Братоў Лізюковых і іншыя. У выніку спыніліся на плошчы Перамогі.

У Гомелі ўсталявалі помнік братам-франтавікам Лізюковым

Працаваў над стварэннем кампазіцыі гомельскі скульптар Валерый Кандраценка. Застылыя ў бронзе браты нібы занялі кругавую абарону, размясціўшыся плячом да пляча. У руках у Аляксандра планшэт з картай наваколля Варонежа, Пётр трымае бінокль, а кіраўнік партызанскага атрада Яўген - стралковую зброю. Каб перадаць характары, скульптар абапіраўся на архіўныя фота, раіўся са сваякамі герояў.

У Гомелі ўсталявалі помнік братам-франтавікам Лізюковым

"Нават калі вызначыліся з канцэпцыяй, шмат часу пайшло на высвятленне дэталяў. Так, Яўген намаляваны на мануменце ў яго любімай "кубанцы", а на планшэце Аляксандра дастаткова дакладная карта, дзе пазначаныя Воронеж і населены пункт Лебядзіны - месца яго апошняга бою", - паведаміў пра нюансы трохмесячнай працы Валерый Кандраценка.

Помнік вышынёй 4 метры напярэдадні ўрачыста адкрылі з удзелам першых асоб абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў, прадстаўнікоў Варонежскай вобласці, дзе асабліва шануюць памяць Аляксандра Ільіча, які загінуў пры абароне іх краю. Цырымонія атрымалася шматлюднай і кранальнай.