Усёй краінай: як будавалі мемарыял у Хатыні

Урачыстае адкрыццё самага пранізлівага мемарыяла, прысвечанага трагедыі мірнага насельніцтва ў вайну, адбылося на месцы загінулай вёскі 50 гадоў таму.
Sputnik

Самаму пранізліваму мемарыялу, прысвечанаму трагедыі мірнага насельніцтва Беларусі ў вайну, спаўняецца паўстагоддзя. 5 ліпеня 1969 года адбылося ўрачыстае адкрыццё "Хатыні".

Зельскі: Хатынь - гэта храм пад адкрытым небам

Мемарыял стваралі з падачы тагачаснага кіраўніка савецкай Беларусі героя вайны Пятра Машэрава. Конкурс на стварэнне праекта ў сакавіку 1967 года выйграла група маладых аўтараў - архітэктары Юрый Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін і скульптар Сяргей Селіханаў.

"Мы ад чаго адштурхваліся? У той час квітнела гігантаманія - Мамаеў курган, Курская дуга Вуцечыча. А Хатынь - камерная, 6 метраў вышыні. Мы зыходзілі з маштабу простага вясковага дома", - успамінаў у інтэрв'ю Sputnik адзін з архітэктараў "Хатыні" Юрый Градаў.

Градаў называе Хатынь "помнікам-дакументам". Там нічога не прыдумана: 26 дамоў, адкрытыя брамкі, на шыльдачках каля дамоў - імёны ўсіх жыхароў.

Хатынь задумвалася як зборны вобраз. Чаму ў выніку выбралі менавіта яе, як удалося адстаяць званы, якія сталі сімвалам мемарыяла, і чаму мемарыял ледзь не пазбавіўся яшчэ аднаго свайго вобраза - трох бярозак і вечнага агню як знака кожнага чацвёртага беларуса, які не вярнуўся з вайны - Градаў распавядаў у інтэрв'ю Sputnik.

Будаваць мемарыял дапамагала ўся краіна. Граніт везлі з Украіны, белы мармур - з Расіі. Урачыстая цырымонія адкрыцця адбылася 5 ліпеня 1969 года. Ад вечнага агню на Плошчы Перамогі ў Мінску пры вялікай колькасці людзей запалілі факел, які на бронетранспарцёры даставілі ў Хатынь.

На шматтысячным мітынгу ў мемарыяле, прысвечаным адкрыццю комплексу, акрамя чыноўнікаў і простых людзей прысутнічалі і відавочцы трагедыі, у тым ліку Іосіф Камінскі, які страціў у Хатыні сям'ю - жонку і чацвярых дзяцей.

"Сярод дня 22 сакавіка наляцеў фашыст, атачыў вёску, абстраляў, людзей сагнаў у хлеў, дзверы зачыніў, хаты запаліў... А тады і хлеў запаліў. Дахі саламяныя - зверху запаліў. Агонь сыплецца на галовы... Людзі дзверы выламалі, сталі вылазіць. Стаў з аўтамата біць..."- успамінаў Камінскі на мітынгу.

Ён успамінаў, як кінуўся ратаваць сына, падняў яго, а той ужо быў мёртвы. Як куля трапіла яму ў галаву, як следам атрымаў удар прыкладам у галаву.

Вёска Хатынь была знішчана карным атрадам 22 сакавіка 1943 года у якасці помсты за забойства некалькіх нямецкіх вайскоўцаў.