МІНСК, 8 ліп - Sputnik. Сёння ў беларускай сталіцы падпісаны кантракт на пастаўку ў Бангладэш 450 тысяч тон калійных угнаенняў, паведамляе прэс-служба Беларускай калійнай кампаніі.
Пагадненне аб пастаўках беларускіх угнаенняў падпісалі генеральны дырэктар ААТ "БКК" Алена Кудравец і старшыня дзяржаўнай карпарацыі па развіцці сельскай гаспадаркі Бангладэш (BADC) Вахід Хандакер.
"Беларускі калій высока запатрабаваны ў Бангладэш, бо гэта краіна з'яўляецца адным з найбуйнейшых сельскагаспадарчых цэнтраў азіяцкага рэгіёну", - адзначылі ў прэс-службе БКК.
Па выніках работы ў мінулым годзе БКК здолела заняць на калійным рынку ў Бангладэш больш за 40%. БКК і BADC плануюць развіваць супрацоўніцтва на стратэгічным узроўні.
Узаемны тавараабарот Мінска і Дакке ў мінулым годзе вырас на 18%. Прычым аснову беларускага экспарту склаў менавіта хлорысты калій.