МЗС распавёў пра задачы беларускай дыпламатыі

Пытанні палітыкі і эканомікі абмяркоўваюцца ў гэтыя дні ў сталіцы на штогадовым семінары кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў краіны.
Sputnik

МІНСК, 17 ліп - Sputnik. Перад беларускай дыпламатыяй сярод іншага стаіць задача ўдзелу ў інтэграцыйных утварэннях і працэсах пры строгім захаванні суверэнітэту краіны і самастойнасці прыняцця рашэнняў, заявіў першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка на нарадзе першага намесніка старшыні ўрада з кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў.

Рапота: на Саюзную дзяржаву трэба паглядзець свежым вокам

Нарада праходзіць у Мінску ў рамках штогадовага семінара кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў краіны.

"Дзейнасць МЗС у бягучым годзе падпарадкавана выкананню знешнепалітычных і знешнеэканамічных задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы. У іх аснове - курс на забеспячэнне шматвектарнасці і збалансаванасці развіцця ўзаемадзеяння з нашымі асноўнымі знешнімі партнёрамі, удзел у інтэграцыйных утварэннях і працэсах пры строгім захаванні суверэнітэту нашай краіны і самастойнасці прыняцця рашэнняў, максімальнае садзейнічанне і павышэнне ўзроўню нашай краіны ва ўмацаванні бяспекі рэгіянальнага і больш шырокага маштабу", - сказаў першы намеснік міністра.

Паводле яго слоў, беларускім дыпламатам даводзіцца дзейнічаць ва ўсё больш складаных умовах сістэмнага крызісу міжнародных адносін, у якіх паслядоўнасць і прадказальнасць беларускай знешняй палітыкі з'яўляецца важным фактарам для замежных партнёраў.

"Беларусь працягвае актыўна прасоўваць аб'яднальны парадак дня ў рамках міжнародных ініцыятыў кіраўніка дзяржавы перш за ўсё па аднаўленні шырокага дыялогу па праблемах міжнароднай бяспекі, якія маюць сур'ёзны патэнцыял, накіраваны на аднаўленне даверу і пераадоленне існуючых паміж дзяржавамі рознагалоссяў", - падкрэсліў Еўдачэнка.

На рэалізацыю гэтай задачы, паводле слоў намесніка міністра, накіраваны шэраг міжнародных канферэнцый, якія праводзіліся ў Мінску ў мінулыя гады і плануюцца да правядзення ў бліжэйшы час.

Дакранаючыся інтэграцыі з Расеяй, Еўдачэнка адзначыў, што беларускія абавязацельствы ў рамках стратэгічнага партнёрства з РФ забяспечваюцца ўдзелам у інтэграцыйных структурах, перш за ўсё ЕАЭС, СНД, АДКБ, ШАС.

Паводле слоў першага намесніка міністра, усё большае значэнне і перспектыву для беларускай знешняй палітыкі набывае стратэгічнае супрацоўніцтва з Кітаем і ўдзел у ініцыятыве "Адзін пояс - адзін шлях".

Пры гэтым асноўны фокус працы, паводле яго слоў, павінен быць сканцэнтраваны на вырашэнні задачы па максімальнаму нарошчванню экспарту, яго геаграфічнай і таварнай дыверсіфікацыі.