МІНСК, 21 ліп - Sputnik. Кідальніца дзіды Таццяна Халадовіч стала пераможцай дзясятага этапу "Брыльянтавай лігі" ў Лондане, паведаміла прэс-служба Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.
Наша спартсменка заваявала золата, даслаўшы дзіду на 66 метраў і дзесяць сантыметраў падчас сваёй лепшай спробы. Прычым яна лідзіравала на працягу ўсіх спаборніцтваў.
Дарэчы, гэта адзін з лепшых вынікаў сезона для беларускай лёгкаатлеткі. Яна таксама выступала ў Мінску на II Еўрапейскіх гульнях і тады таксама стала чэмпіёнкай.
Срэбра лонданскага этапу "Брыльянтавай лігі" дасталося аўстралійцы Келсо-Лі Барбер, чый вынік - 65 метраў 85 сантыметраў, бронзавую ўзнагароду заваявала Крысцін Хуссонг з Германіі - 65 метраў 73 сантыметры.