МІНСК, 23 ліп - Sputnik. Міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка мяркуе, што абітурыентам, якія не прайшлі ў ВНУ, варта падаць дакументы ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай адукацыі, такую параду ён даў у аўторак.
Уступная кампанія ідзе да свайго завяршэння: ВНУ падводзяць вынікі залічэння абітурыентаў на бюджэт. Да 4 жніўня ёсць магчымасць падаць дакументы і на платную форму атрымання адукацыі.
Як адзначыў у аўторак Карпенка, уступная кампанія ідзе па плане, і нейкіх сур'ёзных пытанняў, якія ўплывалі б на яе ход, не выяўлена. "Дзяржаўная камісія, вядома ж, скажа сваё важкае слова аб уступнай кампаніі, але пакуль можна сказаць, што яна праходзіць у штатным рэжыме", - адзначыў Карпенка.
Выказаўся кіраўнік Мінадукацыі і аб новай сістэме ацэнкі цэнтралiзаванага тэсцiравання, з-за якой сярэднія балы ў абітурыентаў прыкметна выраслі, як вынік - павелічэнне прахадных балаў і конкурсу.
Карпенка сцвярджае, што змяненне методыкі ацэнкі ЦТ дазваляе больш аб'ектыўна ацэньваць узровень ведаў: вынікі тэсціравання набліжаны да дэманстраваных у школах адзнак.
"Гэта значыць сёння кожны школьнік можа параўнаць, што ён засвоіў, што не, на якія пытанні адказаў ці не адказаў, і супаставіць ацэнку, якую атрымаў на ЦТ, з ацэнкай у школе. Гэта больш рэальная карціна, якая дазволіць і нам - Міністэрству адукацыі - аналізаваць у разрэзе раёнаў, абласцей і нават канкрэтных устаноў адукацыі, наколькі якасна выбудаваны адукацыйны працэс", - растлумачыў Карпенка.
Міністр растлумачыў, што падобная інфармацыя дазволіць больш аб'ектыўна зірнуць на дзейнасць выкладчыцкага складу ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі ў плане падрыхтоўкі школьнікаў да выхаду ў самастойнае жыццё і ацаніць якасць іх ведаў.
Даў параду Карпенка і рабятам, якія не прайшлі па конкурсе ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. На яго думку, такім абітурыентам трэба падаць дакументы ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
"Калі ў кагосьці ў гэтым годзе была няўдалая спроба паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову, не трэба адчайвацца. Я б парэкамендаваў пайсці ў сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную навучальную ўстанову, атрымаць прафесію, якая найбольш блізкая, атрымаць пэўныя прафесійныя навыкі, а затым далей спрабаваць паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі", - дадаў Карпенка, яго словы прывяла БелТА.
Як нагадаў міністр адукацыі, у рэспубліцы выбудаваная сістэма, "якая дазваляе мець пэўныя прэферэнцыі пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы ўжо пасля заканчэння прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў".