МІНСК, 24 ліп - Sputnik. Журналістаў агенцтва Sputnik Беларусь узнагародзілі па выніках працы на II Еўрапейскіх гульнях, перадае карэспандэнт Sputnik.
Дыпломы і прызы рэпарцёрам уручалі першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі і намеснік дырэктара дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў Анатоль Котаў.
"Дзякуючы вам, дзякуючы вашай працы ўсё адбылося - і спорт, і яркія перамогі, і свята для людзей, і свята для ўсёй нашай краіны. Важна, што на памяць вам застануцца не толькі прызы, вашы ўражанні, але і вялікі вопыт, які вы атрымалі, асвятляючы гэта новае велізарнае для Беларусі мерапрыемства", - адзначыў Павел Лёгкі.
Яшчэ ў студзені міжнароднае інфармацыйнае агенцтва і радыё Sputnik, якое ўваходзіць у склад медыягрупы МІА "Россия сегодня", і фонд "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года" падпісалі пагадненне аб інфармацыйным узаемадзеянні. З гэтага часу аж да закрыцця гульняў Sputnik асвятляў гульні на міжнародным узроўні. Нароўні з навінавымі нататкамі, рэпартажамі і радыёўключэннямі, журналісты і рэдактары штодня вялі трансляцыю гульнявога дня, дзе распавядалі пра самыя значныя падзеі спартыўнага форуму.
Акрамя супрацоўнікаў інфармацыйнага агенцтва Sputnik узнагароды атрымалі журналісты беларускіх тэлеканалаў, інтэрнэт-выданняў і друкаваных СМІ.
II Еўрапейскія гульні прайшлі ў Мінску з 21 чэрвеня па 30 чэрвеня 2019 года. Кантынентальнае першынства сабрала каля чатырох тысяч спартсменаў з 50 краін. Выніковы медальны залік выйграла каманда Расіі, заваяваўшы 109 медалёў, на другім месцы - беларусы з 69 узнагародамі. Трэцімі сталі ўкраінцы, якія заваявалі 51 медаль.