ДВП МУС: асуджаныя за карупцыю пад амністыю не трапяць

Закон аб амністыі ўступіў у сілу 25 ліпеня, па прагнозах ведамства, пад яго дзеянне патрапяць каля 6 тысяч асуджаных.
Sputnik

МІНСК, 25 ліп - Sputnik. Тэрміны выканання Закона аб амністыі, які ўступіў сёння ў сілу павялічаны да 9 месяцаў, паведамілі ў ДВП МУС.

Закон "Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў" быў падпісаны прэзідэнтам 19 ліпеня і сёння ўступіў у законную сілу.

Закон аб амністыі ўступіў у сілу

"Тэрміны выканання дадзенага закона аб амністыі павялічаны з 6 да 9 месяцаў. Ён будзе здзейсняцца з 25 ліпеня 2019 года да 25 красавіка 2020 года", - паведаміла журналістам у чацвер начальнік упраўлення выканання прысудаў дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі палкоўнік унутранай службы Жанна Батурыцкая.

Яшчэ адной асаблівасцю дадзенай амністыі з'яўляецца тое, што яна носіць антыкарупцыйны характар. Па словах прадстаўніка МУС, асобы, якія ўчынілі карупцыйныя злачынствы, пад гэтую амністыю не падпадуць.

Батурыцкая адзначыла, што прымяненне амністыі да кожнага асуджанага разгледзяць індывідуальна, будуць вывучацца асабістыя справы.

У ДВП МУС будуць створаны камісіі, у якія ўвойдуць пракуроры. Таксама яна падкрэсліла, што амністыя будзе прымяняцца толькі да тых асуджаных, хто станоўча зарэкамендаваў сябе, а таксама цалкам кампенсаваў нанесеную шкоду.

Яна ўдакладніла, што пад амністыю патрапяць каля 6 тысяч чалавек, у тым ліку 2 тысячы выйдуць з месцаў пазбаўлення волі. На час выканання закона ў дэпартаменце выканання пакарання будзе дзейнічаць кантактны тэлефон 8 017 2155416.

Адказваючы на пытанне Sputnik, начальнік упраўлення адзначыла, што першыя амніставаныя могуць выйсці на волю ўжо праз некалькі тыдняў. Паводле яе слоў, гэта ў першую чаргу будуць цяжарныя жанчыны, пажылыя людзі.

Начальнік упраўлення падкрэсліла, што кампетэнтныя органы дапамогуць усім, хто будзе мець патрэбу ў бытавым і працоўным уладкаванні.

Батурыцкая ўдакладніла, што з 1991 года гэта 15 закон аб амністыі. Паводле яе слоў, самыя шматлікія амністыі праходзілі да 2000 года.