Татальная эканомія выдаткаў: бюджэт на 2020 год плануецца з дэфіцытам

Паводле прагнозаў Мінфіна, дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту ў наступным годзе складзе 1,4 мільярда долараў.
Sputnik

МІНСК, 30 ліп - Sputnik. Бюджэт Беларусі на наступны год плануецца з дэфіцытам у 1,4 мільярда долараў, заявіў у аўторак журналістам міністр фінансаў рэспублікі Максім Ермаловіч.

Урад вызначыў асноўныя задачы па эканамічным развіцці рэспублікі на наступны год. Плануе ўрад ужо і рэспубліканскі бюджэт на 2020-ы.

"Бюджэт на 2020 год плануецца з дэфіцытам 1,4 мільярда долараў, гэта складае прыкладна 1,4% ВУП. Крыніцы для фінансавання дэфіцыту бюджэту назапашаныя, мы на працягу двух з паловай гадоў выконваем бюджэт з прафіцытам і фарміруем яго рэшткі, каб паступова па меры стабілізацыі агульнаэканамічнай сітуацыі выходзіць на рашэнне сацыяльных задач", - распавёў Ермаловіч.

Мінфін прагназуе зніжэнне даходаў бюджэту ў сувязі з правядзеннем у Расіі падатковага манеўру, пры гэтым адзначаецца і нарастаючая патрэбнасць у фінансаванні расходаў. Мяркуецца, што прыбыткі бюджэту Беларусі ў наступным годзе застануцца на ўзроўні бягучага года.

У той жа час у бюджэце на 2020 год вырашаецца задача па давядзенні заробку бюджэтнікаў да ўзроўню ў 80% ад сярэдняга па эканоміцы. Па словах Ермаловіча, гэта важны элемент бюджэтнай палітыкі, які адпавядае даручэнням кіраўніка дзяржавы.

"З 2020 года праблема будзе вырашана, і пачынаючы з пачатку года заробак бюджэтнікаў не будзе ніжэй за 80% ад сярэдняга па эканомцы", - адзначыў міністр.

Пры гэтым, паводле слоў Ермаловіча, з улікам росту выдаткаў спатрэбіцца бюджэтная аптымізацыя і "татальная эканомія выдаткаў" па ўсіх напрамках, у тым ліку на падтрымку нацыянальнай эканомікі і дзяржпрадпрыемстваў.

"Гэтыя выдаткі аптымізаваныя і максімальна скарочаныя там, дзе гэта можна зрабіць. Пры гэтым ёсць задача абсталяваць сучаснай тэхнікай асноўныя сектары эканомікі - сельская гаспадарка, шэраг прамысловых прадпрыемстваў. На гэтыя мэты будуць прадугледжвацца новыя механізмы аказання дзяржпадтрымкі, якія накіраваны на павышэнне яе эфектыўнасці", - сказаў на заканчэнне Ермаловіч, яго словы прывяла БелТА.

Апошні раз бюджэт Беларусі быў дэфіцытным ў 2013 годзе: урад планаваў "выйсці ў нуль", аднак фактычны дэфіцыт склаў 2296 мільярдаў недамінаваных рублёў. Дэфіцытным быў і 2012 год. Зрэшты, часцей за ўрад стараецца захаваць прафіцыт рэспубліканскага бюджэту.