Жнівень — месяц жніва. Нарыхтоўваюць прыпасы гаспадары, назапашваецца хлебам і дзяржава. Усім дапамагае бог восені — Жыцень. Ён спрыяе росту і выспяванню збажыны і гародніны, а таксама наглядае за жнівом і снапамі, пакуль яны стаяць у полі.
Нашы продкі ўяўлялі Жыценя нізкарослым дзядулем, хударлявым, з ускудлачанымі валасамі. У народзе казалі, што, сагнуўшыся, ён ціха расхаджвае па палях і агародах, алядаючыся навокал, ці добра прыбраны ўраджай.
Звезеныя з поля снапы апекваў Гуменнік — дух, які жыве ў гумне, ахоўвае гэту пабудову і дапамагае гаспадару сушыць і малаціць збожжа. У адрозненні ад свайго папярэдніка Гуменнік быў дабрадушным дзядком маленькага росту. Знаўцы казалі, што яго часта можна пабачыць у гэтыя часы, толькі нельга з ім размаўляць. Лепей маліцца і хрысціцца, тады Гуменнік добра зробіць сваю работу і стане нябачным. Людзі верылі, што пакуль гумны стаяць пустыя, Гуменнік жыве ў полі, таму малым дзецям забаранялі хадзіць у жыта.
Касьба любіць сытага, а малацьба — галоднага
Сабраныя снапы звычайна захоўвалі ў гумнах — адмысловах прасторных збудаваннях з такаванай падлогай. Гумно ў вясковай гаспадарцы лічылася адной з найважнейшых пабудоў. Казалі, што калі ў селяніна згарала хата, можна было адбудаваць яе і жыць далей. Калі ж разам з жыллём гарэла і гумно, чалавек мусіў станавіцца парабкам і нават жабраком.
У гумне снапы прасушваліся і абмалочваліся цапамі на глінабітнай падлозе, якая называлася "ток". Праца гэта была вельмі складаная, але выконвалі яе абавязкова нашча. У народзе так і казалі: "Касьба любіць сытага, а малацьба галоднага".
А вось пасля працы ўсе збіраліся падсілкавацца. Завяршэнне вялікай працы заўсёды адзначалі смачным сняданкам, абедам або вячэрай.
Гэтай парой ежа на вёсцы была простая і сытная, гатаваць мудрагелістыя стравы не было часу, паколькі жанчыны разам з мужчынамі малацілі снапы.
З свежай мукі гаспадыні абавязкова пяклі хлеб. Рабілі гэта звычайна раз на тыдзень. На адну порцыю выдаткавалася ад аднаго да палутара пудоў, прыкладна ад 16 да 22 кілаграм (пуд — 16,3 кг — Sputnik). З гэтай колькасці мукі атрымлівалася 10-15 "кулідак", або боханаў, хлеба вагой у 2,5 кілаграмы.
Традыцыйна на Беларусі хлеб пяклі толькі з жытняй мукі ў рэдкіх выпадках дадаючы грэцкай і яшчэ радзей ячменнай. Самым лепшым гатункам мукі лічылі сітную, прасеяную праз густое сіта. Такі хлеб дазвалялі сабе толькі заможныя людзі. Простыя людзі вельмі часта пяклі "хуткую" замену вялікім боханам — праснакі, скавароднікі, падпаломыкі, каржы-крышаньцы і бліны.
Няма лепшага сняданка, як бліны ды мачанка
Мачанка — страва, якую лічаць нацыянальнай усе беларусы. Гэта страва ніколі не падавалася на стол без бліноў, сачнёў ці хлеба.
Дарэчы, блізкай "сястрой" мачанкі лічылася верашчака. Так называлі "падкалочаную" мукой страву з салам, мясам ці каўбасой, у якую макалі бліны ды аладкі. Але верашчаку заўсёды падавалі на стол гарачай, тады як мачанку елі і цёплай, і халоднай, што было вельмі зручна падчас сельскагаспадарчых работ.
Адзін з відаў мачанкі — пражаніна. Такую назву меў соус з аўсянай, аржаной і нават пшанічнай мукі тонкага памолу, у які дадавалі маленькія кавалачкі свінога сала, рабрынкі, а па вялікіх святах нават цэлыя кольцы каўбасы. Усё гэта змяшчалася ў глыбокую міску або гліняны гаршчок, у які кідалі цыбулю, перац або хатнія спецыі — каляндру, кроп, лаўровы ліст. Гаршчок з духмянай стравай пакідалі пад накрыўкай у печы, пакуль пражаніна не загусцее, а кожны інгрыдыент пад уздзеяннем цяпла не аддасць свой смак соўсу.
Мачанка па-сялянску
Інгрыдыенты:
Як гатаваць:
Мяса абсмажыць і вылажыць на талерку. Асобна падсмажыць дробна накрышаныя цыбулю і сала. Пшанічную або ячную муку развесці халоднай вадой і ўліваць у кіпень, увесь час памешваючы, да ўтварэння рэдкай мучной падліўкі. Дадаць соль, лаўровы ліст, пакласці падсмажанае разам з цыбуляй сала, а таксама рабрынкі з каўбасой. Усе інгрыдыенты пакінуць пад накрыўкай ў цёплую печ або духоўку на 20-25 хвілін.
Бліны на сыроватцы
Інгрыдыенты:
Як гатаваць:
У сыроватку сыплюць соду, каб добра запенілася. Калі сыроватка свежая, то варта дадаць крыху пладовага воцату. Дадаюць яйка, соль, цукар па смаку і мукі столькі, каб цеста было не густое і добра лілася.
На разагрэтую патэльню ўліваюць алей не шкадуючы і наліваюць два чарпакі цеста. Ставяць патэльню ў печ і чакаюць, пакуль не зашыпіць, каб перавярнуць блін на другі бок.