Пасол Расіі Дзмітрый Мезенцаў напярэдадні прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўшанавання пераможцаў ваенных спаборніцтваў.
З адмысловым візітам у Беларусь з гэтай нагоды прыбыў і намеснік міністра абароны Расіі Юнус-Бек Еўкураў. Каля трапа самалёта ў аэрапорце Брэста намесніка міністра сустракалі дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах з традыцыйнымі хлебам і соллю.
Сама цырымонія ўзнагароджання лепшых вайсковых снайпераў і выведнікаў прайшла на палігоне Брэсцкі, дзе яшчэ некалькі дзён таму прафесійныя ваенныя дэманстравалі свае навыкі.
Дзмітрый Мезенцаў і Юнус-Бек Еўкураў занялі на трыбуне месцы для ганаровых гасцей разам з міністрам абароны Беларусі Андрэем Раўковым і прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса.
Перад высокімі гасцямі і пераможцамі беларускага этапу Армейскіх гульняў у кароткіх перапынках паміж узнагароджаннямі выступалі артысты двойчы Чырванасцяжнага ансамбля песні і танца Балтыйскага флоту.
Вышэйшых дасягненняў у гэтым годзе на конкурсе "Снайперскі рубеж" дамагліся вайсковыя снайперы з Беларусі і Расіі. Кіраўніку расійскай дыпмісіі Дзмітрыю Мезенцаву выпаў гонар узнагародзіць самых трапных стралкоў Саюзнай дзяржавы.
У сваю чаргу Юнус-Бек Еўкураў ўзнагародзіў беларускіх, расійскіх і казахстанскіх ваенных, якія сталі лепшымі ў "Снайперскім біятлоне", які, па словах арганізатараў гульняў, стаў самым відовішчным этапам спаборніцтваў.
У Беларусі ў гэтым годзе ўпершыню ў гісторыі прайшло спаборніцтва паміж прадстаўнікамі спецыяльных падраздзяленняў "Палярная зорка". Праўда, у сілу навацыі спаборнічалі паміж сабою толькі беларускія і расійскія спецназаўцы. У першы раз удача была на баку беларускіх выведнікаў, якія перамаглі ў камандным заліку.
На заканчэнне ўрачыстай цырымоніі Дзмітрый Мезенцаў і Юнус-Бек Еўкураў зрабілі фота на памяць са зборнай расійскай арміі, якая спаборнічала на палігоне Брэсцкі.
Затым дыпламаты і афіцэры з розных краін перамясціліся на стрэльбішчы. Там пасол Расіі з некалькіх відаў зброі абраў аўтамат Калашнікава, у сваю чаргу намеснік расійскага міністра абароны спыніў свой выбар на вінтоўцы Мосіна.