Пра гэтага чалавека можна смела казаць – "шырока вядомы ў вузкіх колах". Алесь Родзім – беларускі мастак, які быў у ліку творцаў, што напачатку 2000-ых працавалі ў Тахелесе. У вялізным будынку ў самым цэнтры Берліна ён прадстаўляў айчыннае мастацтва – наведвальнікі не маглі стрымаць захаплення, а дома тым часам яго імя ведалі толькі адзінкі. На творчым рахунку Родзіма – выставы ў Парыжы, Брусэлі, Галандыі, Італіі, Расіі і шмат дзе яшчэ, а таксама першы малюнак на асклепках Бярлінскай сцяны.
З нагоды адкрыцця ў Мінску выставы, на якой большая частка прац – менавіта тыя, што экспанаваліся ў Тахелесе, Алесь Родзім распавёў карэспандэнту Sputnik Алесі Шаршнёвай пра вяртанне дадому, свае адносіны да класічнага мастацтва і грошай.
"Зімовай раніцай людзі ў балаклавах выкінулі на вуліцу"
Алесь Родзім працаваў у Тахелесе амаль 13 гадоў - персанальная выстава на шостым паверсе займала каля тысячы квадратных метраў. Прачынаўся а шостай, а ў адзінаццаць ужо прыходзілі наведвальнікі. І так кожны дзень.
Тахелес, дзе давялося ў літаральным сэнсе слова жыць увесь гэты час, ён называе "інтэрнацыянальным мастацкім "хаузам", які аб’яднаў мастакоў з усяго свету". Гэта месца сапраўды было легендарным і прыцягвала творцаў і аматараў мастацтва як магнітам.
Так было да 2010 года, калі афіцыйны ўладальнік – Hamburg Nord Bank – не вырашыў забраць будынак сабе раней за вызначаны афіцыйнымі дакументамі тэрмін. Легальным спосабам зрабіць гэта не атрымалася, таму на дапамогу банкірам прыйшлі людзі ў балаклавах. Так, у снежні мастак аказаўся на вуліцы нават без верхняга адзення. Камп’ютары, фарбы і творчыя працы засталіся ў Тахелесе.
"Зараз уладам усё роўна"
Падзеі тых часоў Алесь Родзім сёння ўзгадвае ў атачэнні сваіх прац, тым ліку і арыштаваных. Вызваліць іх дапамог нямецкі ўрад.
"Мне прапанавалі застацца ў Берліне, але вырашыў, што Мінск для мяне будзе больш утульным. Тут ўсе знаёмыя – мастакі, музыкі, іншыя творчыя людзі. Тым больш, у нас адна мова, а гэта немалаважна", - падкрэслівае Родзім.
Зараз мастак смела заяўляе, што знайшоў сябе ў Беларусі і "тут хапае паветра для творчай рэалізацыі". Узгадвае шакуючыя перфомансы, якія разам з мастаком-куратарам Зміцерам Юркевічам і з паплечнікамі ладзіў у Палацы мастацтваў, шматлікія "Дахі", прысвечаныя Тадэвушу Рэйтану ў Грушаўцы. Але іх час скончыўся, а патрэба размаўляць з сусветам засталася. Так нарадзілася ідэя выставы у культурніцкай прасторы ОК16 – менавіта там у межах арт-фестывалю "Міфалагемы тысячагоддзяў" можна ўбачыць карціны Родзіма. Па словах мастака, выстава прадстаўляе сабой своеасаблівае сеціва – віртуальнае, якое пануе над намі зараз. Яго стварыла чалавецтва.
"Гэта цудоўнае месца, у Еўропе такога, пасля зачынення Тахелесу, больш няма. Мне падабаецца, што зараз уладам усё роўна – рабіце, што заўгодна", - кажа Алесь.
Дарэчы, карціна Родзіма "Міфалагемы тысячагоддзяў" – самая буйная жывапісная праца на тэрыторыі Еўропы на сёння. Яе з’яўленне мастак тлумачыць проста – было памяшканне неабходнага памеру.
"Грашовае пытанне ніколі не стаяла"
Мастацтва Родзіма – неверагодна энергетычнае, шакуючае, неадназначнае. Але сам ён кажа, што без класічнага навучання нічога гэтага не было б.
"Я вырас з класічнага мастацтва. Гэта база, пры дапамозе якой можна тварыць у любым накірунку", - разважае мастак.
Ён скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў, вучыўся ў выбітных беларускіх мастакоў – Натана Воранава і Васіля Ахрэмчыка.
"Калі б не валодаў гэтым, не прабыў бы і дня ў Тахелесе, бо там вельмі вялікая канкурэнцыя", - падкрэслівае ён.
І тым не менш, творы яго ў еўрапейскага гледача заўсёды былі запатрабаванымі. Прынты – фотакопіі фармату А3 ці А4 -разыходзіліся як гарачыя піражкі: людзям вельмі хацелася забраць з сабой рэштку гэтай энергетыкі.
Звычайны хлопец з Баранавічаў
Алесь узгадвае, што прадаваў свае творы, але падкрэслівае, што ніколі ў гэтым не было неабходнасці.
"Так атрымлівалася, што грашовае пытанне ніколі не стаяла. Я не вельмі патрабавальны, магу чымсьці ахвяраваць – недаесці, недаспаць, недапіць", - дадае ён.
На думку Родзіма, сучасную моладзь больш хвалюе пытанне заробку, але гэта праблема не толькі беларусаў. На Захадзе мастакі 70% часу зарабляюць грошы і толькі, калі застаецца вольны, займаюцца творчасцю.
"Маёй скіраванасцю па жыцці заўсёды было самавыражэнне. Мастацтва – гэта свядомая камунікацыя. Мне патрэбна штосьці зрабіць і знайсці аўдыторыю, а астатняе – будуць яны плявацца ці хваліць – не вельмі важна", - дадае Родзім.
Узгадвае, як убачыў на сваёй выставе мужчыну з татуіроўкамі на твары – у тыя часы гэта было незвычайна. Той палез абдымацца і не мог стрымаць сваіх эмоцый. Экскурсіі з усіх гарадоў свету, падзякі ад універсітэцкіх прафесароў і нават тэатральныя пастаноўкі на фоне яго карцін – усё гэта было нечакана і вельмі дзіўна для звычайнага хлопцы з Баранавічаў.
Ён маляваў з самага дзяцінства – у шасцігадовым узросце з’явіліся сапраўдныя кампазіцыі.
"Час ад часу я вяртаюся да сваіх прац, якія былі зробленыя, калі я вучыўся ва ўніверсітэце. Многія значныя ідэі з’явіліся менавіта тады. Частка з іх рэалізаваная, частка – яшчэ засталася, таму яшчэ ёсць над чым папрацаваць", - кажа Алесь Родзім.