МІНСК, 22 жні - Sputnik. Ураджайнасць пшаніцы ў бягучым годзе ў прысядзібнай гаспадарцы прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі склала больш за 18 цэнтнераў з гектара.
Кіраўнік дзяржавы ў сераду 21 жніўня наведаў Іўеўскі раён, дзе праверыў, як ідзе ўборачная кампанія, а таксама пагутарыў з мясцовымі жыхарамі. Заехаў Лукашэнка і на прыватнае прадпрыемства ТАА "ЛідаТэхмаш", якое вырабляе сельскагаспадарчую тэхніку. На вытворчасці прэзідэнт паабяцаў даць сваю зямлю для апрабавання новых відаў агрэгатаў, якія робяць на "Тэхмашы".
"Калі вы захочаце выпрабаваць на пяці-васьмі гектарах вось гэта ўсё, я вам глебу ў сябе дам", - сказаў Лукашэнка.
Ён таксама распавёў пра свае пасяўныя плошчы: пад сельскагаспадарчыя культуры на прысядзібнай гаспадарцы прэзідэнта адведзена амаль 50 гектараў. "У мяне 47 гектараў і дзве дзесятых. Я ўсё роўна там саджаю бульбу. Ну і ў малых аб'ёмах лук, буракі, моркву і гэтак далей", - паведаміў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Лукашэнкі, у бягучым годзе частку зямлі адвялі пад пшаніцу.
"Пшаніца ў мяне ў гэтым годзе 92 цэнтнера была. Пяць гектараў я ўзяў пасеяў, 92 цэнтнеры - я нават не думаў, што столькі будзе", - распавёў прэзідэнт.
Такім чынам, ураджайнасць дадзенага віду збожжавых на "прэзідэнцкіх сотках" склала 18,4 цэнтнера з гектара. У той жа час у сярэднім па рэспубліцы гэты паказчык некалькі вышэй - 31,5 цэнтнера з гектара.
Прэзідэнта ў Іўе мясцовыя жыхары пачаставалі памідорамі, а таксама падарылі саламяны капялюш.