У Жыровіцкім манастыры могуць знесці будынкі XIX стагоддзя?

Архітэктурны комплекс старажытнага мужчынскага манастыра з'яўляецца гістарычным помнікам, які ахоўваецца дзяржавай. Ці можа рэстаўрацыя праваслаўнай святыні стаць падставай для разбурэнняў, паспрабаваў разабрацца Sputnik.
Sputnik

У наступным годзе ў Беларусі будуць святкаваць 550-годдзе здабыцця цудатворнай Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзе з дня заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра.

"З гэтай нагоды правялі вялікую нараду, на якой абмяркоўвалася рэстаўрацыя манастыра. Грамадскасці стала вядома, што могуць быць страчаны бакавыя флігелі званіцы", - распавёў карэспандэнту Sputnik гісторык Ігар Чарняўскі.

Адзін на ўсю краіну

Паводле яго слоў, гэтае пытанне паўстала, таму што ёсць меркаванне пра тое, што флігелі нібыта маюць нізкую гістарычную значнасць. Такія довады паўсталі на аснове памылковай інфармацыі, што гэтыя будынкі ўзвялі ўжо пасля Другой сусветнай вайны.

Беларускі Нотр-Дам: гісторыя стварэння Троіцкага касцёла ў Гервятах

Пры гэтым гісторык звярнуў увагу, што званіца была пабудавана ў XVII стагоддзі, а разам з флігелямі, як адзіны архітэктурны ансамбль прастаяла ўжо больш за 200 гадоў.

Пад пагрозай таксама апынулася і вонкавае аблічча Успенскага сабора, да якога могуць прыбудаваць галерэю. Новабудоўлю плануюць выкарыстоўваць як месца для продажу свечак і іншай царкоўнай атрыбутыкі.

Ігар Чарняўскі распавёў, што спецыялісты ўжо падрыхтавалі і накіравалі ў адміністрацыю прэзідэнта ліст, у якім выкладзены гістарычныя факты і асцярогі ў сувязі з далейшым лёсам архітэктурнага ансамбля ў Жыровічах, падобнага якому ў краіне больш няма.

"Мы адправілі ліст Наталлі Іванаўне (Качанавай, кіраўнік прэзідэнцкай Адміністрацыі - Sputnik) і чакаем адказу, нейкае рашэнне гэтай праблемы павінна быць", - упэўнены Ігар Чарняўскі.

Без каментарыяў

За падрабязнай інфармацыяй карэспандэнт Sputnik звярнуўся ў Жыровіцкі манастыр, але там не змаглі адказаць на пытанне аб тым, плануецца зносіць нейкія будынкі ці не.

У прэс-службе Беларускай праваслаўнай царквы сказалі, што не валодаюць інфармацыяй аб зносе якіх-небудзь будынкаў у манастыры і не ў курсе, што ў Адміністрацыю прэзідэнта накіраваны ліст з гэтай нагоды. У БПЦ не сталі каментаваць сітуацыю.

Што за манастыр знаходзіцца ў Жыровічах?

Свята-Успенскі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр з'яўляецца галоўным праваслаўным цэнтрам у Беларусі. Архітэктурны комплекс з'яўляецца гістарычным помнікам XVII-XVIII стагоддзяў.

Манастыр у Жыровічах паўстаў пасля здабыцця цудатворнага абраза Божай маці ў XV стагоддзі, якая шануецца і праваслаўнымі і каталікамі. Намаляваная на яшме ўсяго некалькі сантыметраў у папярочніку Жыровіцкая ікона Божай Маці адна з самых шанаваных святынь у Беларусі.

Цікава, што на працягу сваёй доўгай гісторыі манастыр у Жыровічах паспеў стаць адным з уніяцкіх духоўных цэнтраў. Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі ў 1839 годзе на Полацкім саборы уніяцкія прыходы перайшлі праваслаўнай царкве і Жыровіцкі манастыр зноў стаў праваслаўным.

Цяпер на тэрыторыі Свята-Успенскага манастыра знаходзіцца і Мінская духоўная семінарыя, якая з'яўляецца вышэйшай багаслоўскай навучальнай установай Беларускай Праваслаўнай Царквы.