Нашы продкі лічылі адзенне не проста ўпрыгажэннем. Яны верылі, што адзенне неадлучна звязанае з яго носьбітам і здольнае не толькі бараніць яго ад знешніх неспрыяльных умоў, але і ўступаць з ім у пэўныя звышнатуральныя сувязі. Так маніпуляцыі з кашуляй, штанамі і іншымі прадметамі адзення маглі магічна ўплываць на стан асобы.
Да ўсяго ж, згодна з народнымі ўяўленнямі, усе прадметы, што судакраналіся паміж сабой, нават будучы раз’яднанымі, застаюцца ў магічнай сувязі. Падобная сувязь існуе і паміж чалавекам і яго адзеннем. Так сарочка, пашытая дзяўчынай для каханага, становіцца ў далейшым для яго абярэгам, а першыя кашулькі для немаўлятак шылі са старой сарочкі маці. Лічылася, што ў гэтым выпадку тканіна, што кантактавала з целам парадзіхі, здольная была захаваць дзіця ад хвароб і сурокаў.
Зажинки в Жоровке 2019
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Роля адзення ў радзінных, вясельных і пахавальных абрадах вызначалася змяненнем статуса чалавека. Праходзячы ўсе гэтыя станы, змяняючы свае ўзроставыя, сацыяльныя характарыстыкі, чалавек павінен быў карэктаваць і свой вонкавы выгляд, што ў першую чаргу праяўлялася ў трансфармацыі комплексу адзення. Абярэгавы статус атрымвалі тыя віды адзення, што непасрэдна прыкрывалі зоны кантакту: кашуля, фартух, нагавіцы. Функцыю абярэга у адзенні меў і магічны арнамент.
Зажинки в Жоровке 2019
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Так званыя "стасункі з адзеннем" пачыналіся з пашыву і догляду за ім. Тут існаваў цэлы комплекс народных прыкмет:
Асабліва нашы продкі ставіліся да такіх прадметаў адзення як сарочка, штаны, фартух, галаўныя ўборы, абутак. Так, калі чалавек баяўся сурокаў, яму раілі спачатку надзець сарочку навыварат. Шапку, каб не балела галава, нельга круціць на кулаку і калі такое здарыцца, трэба пахадзіць тры дні без шапкі ці насіць другую. Той, хто хацеў, каб удзень шчасціла, павінен быў абуваць раніцай спачатку правую нагу, а потым левую.
Сучасныя жанчыны часта выкарыстоўваюць ў сваім гардэробе прадметы адзення, якія калісці былі прыналежнасцю толькі мужчынскага адзення.
А ў народзе перасцерагалі: "Няможна чалавеку адзявацца ў бабскае ўбранне, як і бабе няможна класці на сябе мужчынскія порткі ці шапку, бо нячыстая сіла возьме да й заменіць тых людзей – мужчыну зробіць бабаю ці жанчыну мужыком да й прыкажа сабе служыць. А анял тады адступіцца ад таго чалавека. Мужчыне няможна надзяваць на голаў жаночае шапкі або хусткі, бо ён будзе вельмі ўсяго палохацца, бы баба. Калі жанчына накладзе сабе на голаў мужчынскую шапку, то будзе вельмі хутка ўлюбляцца ў мужчын". (А.К. Сержпутоўскі.)
Надавалі беларусы і асаблівую ўвагу пры тлумачэнні сноў, у якіх выкарыстоўвалася пэўнае адзенне. Калі чалавек бачыў сябе ў сне ў чорным адзенні, яму прадказвалі хваробу, жалобу і смутак. Белае адзенне было сімвалам будучх добрых падзей у жыцці. А вось, што тычыцца новага і старога адзення, тут усё было наадварот: новае сімвалізавала хуткую хваробу, а старое абацяла здароўе і весялосць. Знакам усяго самага найлепшага была і добрая аўчынка, якую галоўны герой сну трымаў у руках.
Вяселле-фэст 2019
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Калі каму-небудзь прыснілася, што ён апранае андарак, трэба было чакаць гасцей, а калі спадніцу - спатканне з каханым. На хуткае атрыманне грошай паказвала вязанне панчохаў, а шапка на галаве абяцала блізкае падарожжа і запрашэнне ў госці.
Чытайце таксама: