У юбілейны сезон у Купалаўскім зноў паставяць культавы спектакль "Тутэйшыя"

Знакамітую пастаноўку плануюць паказаць гледачам наступным летам.
Sputnik

МІНСК, 29 жні - Sputnik. Легендарны спектакль "Тутэйшыя" па п'есе Янкі Купалы паставяць на сцэне Купалаўскага тэатра ў чэрвені 2020 года, паведаміў журналістам мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін.

Мікалай Пінігін: беларускі будызм – гэта здольнасць выжываць

"Я вымушаны паставіць гэты спектакль. Мяне прымусілі гэта зрабіць, хаця я не хацеў", - падкрэсліў рэжысёр.

Спектакль "Тутэйшыя" упершыню ў Купалаўскім тэатры паставілі ў 1991 годзе, але ў нулявыя ён знік з афішы.

Па словах Пінігіна, гэта лепшая п'еса, таму паставіць яе менавіта ў юбілейны сезон будзе правільна.

Падрабязнасцяў аб акцёрскім складзе і канцэпцыі пастаноўкі мастацкі кіраўнік Купалаўскага пакуль не паведамляе: да чэрвеня шмат часу на разважанні. Ці будзе іграць ролю Мікіты Зноска акцёр Віктар Манаеў, невядома.

Таксама ў афішы тэатра ў 100-ым тэатральным сезоне з'явяцца пастаноўкі "Кароль Лір" з Віктарам Манаевым у галоўнай ролі, пластычны спектакль "Мой Шагал" ад маскоўскага рэжысёра Сяргея Зямлянскага, а на Камернай сцэне малады рэжысёр Раман Падаляка, які ў мінулым годзе вырабіў фурор сваёй пастаноўкай "Радзіва Прудок", рыхтуе прэм'еру пастаноўкі "Адзін".

Як дадаў дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка, галоўнай задачай у юбілейны тэатральны сезон будзе стварэнне новых творчых праектаў: калектыў не плануецца абмяжоўвацца выключна спектаклямі.

Перш за ўсё плануецца пашырыць тэатральную прастору: зараз ідзе работа па адкрыцці Малой сцэны.

"Мы ужо распрацавалі праект, які перададзены на ўзгадненне ў Мінгарвыканкам, плануем распачаць рамонтныя працы ў снежні бягучага года і адкрыць Малую сцэну ў наступным годзе", - патлумачыў Латушка.

Таксама ў гэтым годзе найбольш запатрабаваныя тэатральныя пастаноўкі Купалаўскага тэатра будуць паказваць на сцэне сталічнага Дома афіцэраў.

Што тычыцца гастроляў, купалаўцаў будуць прымаць у Беластоку, Парыжы, Гомелі, Гродне, Слоніме, Салігорску, Бабруйску, Баранавічах, Маладзечне і Вязынцы, куды прывязуць легендарную "Паўлінку". Таксама ідуць перамовы наконт выступаў у Варшаве, Любліне, Кіеве, Мадрыдзе, Маскве, Вене, Санкт-Пецярбургу.

Чытайце таксама: