МІНСК, 31 жні - Sputnik. Беларускія тэнісісткі Арына Сабаленка і Аляксандра Сасновіч з перамог стартавалі ў парным разрадзе Адкрытага чэмпіянату ЗША (US Open), паведамляе Sputnik.
Арына Сабаленка ў дуэце з бельгійкай Элізэ Мертэнс выйшла ў другі круг спаборніцтваў, абыграўшы Ганну Блінкову (Расія) і Яфань Ван (Кітай) з лікам 6:3, 6:4.
Аляксандра Сасновіч і славачка Вікторыя Кужмова пераадолелі першы раўнд, узяўшы верх над Кірстэн Фліпкенс (Бельгія) і Юханнай Ларсан (Швецыя) - 6:0, 6:4.
На жаль, барацьбу на турніры пасля першага круга завяршыла Лідзія Марозава: яна ў пары са славенкай Катарынай Срэбатнік не справілася з Габрыэлай Даброўскі (Канада) і Іфань Сюй (Кітай) - 5:7, 4:6.
Вікторыя Азаранка ў дуэце з аўстралійкай Эшлі Барці сёння правядуць свой першы матч на турніры супраць Маргарыты Гаспаран (Расія) і Монікі Нікулеску (Румынія).
У адзіночным разрадзе беларускія тэнісісткі не змаглі прайсці далей за другі круг.