Урад змяніў аплату камандзіровачных

Прынцыповых змен у становішчы не адбылося, аднак цяпер упарадкаваны шэраг нюансаў.
Sputnik

МІНСК, 6 вер - Sputnik. Урад Беларусі ўнёс змяненні ў Палажэнне аб парадку і памерах пакрыцця расходаў, гарантыях і кампенсацыях пры службовых камандзіроўках, адпаведная пастанова Саўміна апублікавана ў пятніцу.

Апошняя рэдакцыя палажэння аб парадку аплаты камандзіровак была прынятая Саўмінам гэтай вясной. Праз некалькі месяцаў у дакумент ўнеслі змены - "у мэтах удасканалення парадку накiравання работнiкаў у службовыя камандзіроўкі ў межах Рэспублікі Беларусь і за мяжу".

Унесеныя змены не з'яўляюцца кардынальнымі, аднак некаторыя нюансы і аспекты цяпер удакладнены. Так, адрэдагаваны пункт аб парадку аплаты работніку, які знаходзіцца ў месцы камандзіроўкі ў асабістых мэтах у выхадныя або святы, у тым ліку - да або пасля заканчэння працоўнага дня.

Таксама ўнесены змены ў палажэнні, якія тычацца штодзённага вяртання працаўніка з месца камандзіроўкі да месца жыхарства, кампенсацыі расходаў па найму жылля за мяжой для тых, хто займае вышэйшыя дзяржаўныя пасады і некаторыя іншыя аспекты.

Унесены і тэхнічныя змены: так, у дадатку да палажэння, дзе паказваюцца максімальныя памеры сутачных і выдаткаў на пражыванне, "Астану" памянялі на "Нур-Султан", а "Македонію" на "Паўночную Македонію".

Абноўленая версія палажэння ўступіла ў сілу пасля апублікавання.