Абмен затрыманымі асобамі паміж Расіяй і Украінай адбыўся

Абодва бакі прыйшлі да згоды ў канцы жніўня. Папярэдне было прынята рашэнне абмяняць 66 затрыманых грамадзян Расіі і Украіны.
Sputnik

МІНСК, 7 вер - Sputnik. Адбыўся абмен затрыманымі асобамі паміж Расіяй і Украінай. Спецборт з грамадзянамі Расіі прыбыў у маскоўскі аэрапорт Унукава. Пра гэта паведаміла галоўны рэдактар МІА "Россия сегодня" Маргарыта Сіманьян у сваім Telegram-канале.

Аб абмене Масква і Кіеў дамовіліся ў 20-х чыслах жніўня. Першапачаткова гаварылася пра тое, што ён можа прайсці 28-29 жніўня. Аднак у гэтыя дні абмен так і не адбыўся.

Папярэдне бакі дамовіліся аб абмене 33 расіян на 33 украінцаў.

Днём 7 верасня з аэрапортаў Унукава і Барыспаль вылецелі самалёты, на борце якіх знаходзіліся затрыманыя грамадзяне Украіны і РФ.

Сітуацыю пракаментавалі ў расійскім МЗС, дзе заявілі, што перадача асуджаных стала вынікам палітычнай волі і сістэмнай карпатлівай работы Расіі і Украіны.

Вызваленне грамадзян на тэрыторыі Украіны можа стаць пралогам для прасоўвання мінскіх пагадненняў, дадаў кіраўнік камітэта Савета Федэрацыі па міжнародных справах Канстанцін Касачоў.

Разам з затрымаными асобамі ў Маскву прыбыў галоўны рэдактар парталу РІА "Новости Украина" Кірыл Вышынскі, які правёў пад вартай у Украіне больш за год. Яго вяртанне пацвердзіў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў."Так, абмен адбыўся. Мы вітаем і рады, што расійскія грамадзяне вярнуліся дадому", - сказаў ён.

Пакуль імёны астатніх грамадзян Расіі, якія ўдзельнічаюць у абмене, у Крамлі не ўдакладняюць.

Кірыла Вышынскага ў аэрапорце сустракалі яго калегі і сябры. У час размовы з калегамі і аператарамі тэлекампаній Вышынскі жартам папрасіў выразаць яго слёзы пасля прылёту ў Маскву.

Генеральны дырэктар МІА "Россия сегодня" Дзмітрый Кісялёў анансаваў прэс-канферэнцыю з Кірылам Вышынскім.
"Сардэчна запрашаем на прэс-канферэнцыю ў 10 раніцы ў агенцтве "Россия сегодня" ў панядзелак", - сказаў Кісялёў журналістам, сустракаючы Вышынскага ў аэрапорце.

Тым часам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў вяртанне украінцаў з РФ радаснай падзеяй.