МІНСК, 7 вер - Sputnik. Абмен затрыманых у Расіі і Украіне грамадзян з'яўляецца вельмі важным крокам, такую заяву ў суботу зрабіла афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава.
Абмен па фармаце "35 на 35" адбыўся ў суботу: у Маскву прыбылі вызваленыя Украінай расіяне, у Кіеў - грамадзяне Украіны.
Рашэнне праблем, а не пагаршэнне
"Нягледзячы на тое, што былі і правакацыі, і аб'ектыўныя цяжкасці, працэс усё ж адбыўся. Вельмі важны крок. Неабходна максімальна падтрымліваць гэты настрой на рашэнне праблем, а не на іх пагаршэнне. Палітычная воля і сістэмная карпатлівая праца даюць свой плён", - напісала ў суботу Захарава ў сваім Facebook.
Як адзначыла Захарава, "звычка абвінавачваць Расію ва ўсіх бедах Украіны павінна застацца ў мінулым".
"Пастаянная антырасійская рыторыка не наблізіць краіну да вырашэння рэальных унутрыпалітычных і эканамічных праблем. Канкрэтныя крокі - лепшы алгарытм дзеянняў", - упэўненая афіцыйны прадстаўнік МЗС.
Разам з затрыманымі асобамі ў Маскву прыбыў галоўны рэдактар парталу РІА "Новости Украина" Кірыл Вышынскі, які правёў пад вартай ва Украіне больш за год.
Кіеў: працу працягваем
Пракаментаваў вызваленне грамадзян і кіраўнік МЗС Украіны Вадзім Прыстайка.
"Сёння добры дзень. Сянцоў, Сушчанка, Балух, Кольчанка, Грыб, маракі і іншыя нашы, нарэшце, з намі! Але не ўсё. Працягваем працу, як гэта не складана. Вынік таго варты - вернутыя сябры", - напісаў Прыстайка ў сацыяльных сетках.
Кіраўнік украінскага знешнепалітычнага ведамства заклікаў мабілізавацца ў пытанні абмену затрыманымі асобамі і дамагацца канчатковага рашэння па формуле "усіх на ўсіх".