МІНСК, 10 вер - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў у 2021 годзе зрабіць Мінск на час сталіцай ЗША.
У панядзелак кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця лёгкаатлетычнага матчу паміж камандамі Еўропы і ЗША.
Матч урачыста адкрыўся 9 верасня на стадыёне "Дынама" ў Мінску. У 20 відах праграмы выступяць па восем атлетаў - па чатыры спартсмены з Еўропы і ЗША. Цырымонію адкрыцця на стадыёне "Дынама" наведаў кіраўнік дзяржавы, які выступіў з кароткай прамовай.
Ён адзначыў, што такі ж матч павінен адбыцца ў 2021 годзе ў ЗША - Амерыка павінна прыняць яго пасля Еўропы. Але ў тым жа годзе ў Штатах адбудзецца чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы, таму ЗША не могуць арганізаваць дадзеныя спаборніцтвы.
Лукашэнка прапанаваў правесці дадзены матч зноў у Мінску і паабяцаў, што праз два гады Беларусь зробіць усё на больш высокім узроўні.
"Я абяцаю вам, што праз два гады Мінск стане сталіцай Злучаных Штатаў Амерыкі. Удакладняю, каб не западозрылі ў нядобрым, як быццам мы Амерыку хочам далучыць. На гэтыя дні, калі вы нам даверыце, Мінск стане сталіцай ЗША, таму што ЗША павінны праводзіць гэты матч", - пажартаваў прэзідэнт.
Ён таксама запэўніў, што ў дадзеным пытанні дамовіцца з Дональдам Трампам. "У 2020-м годзе ён пераможа на выбарах. І, я думаю, з'явіцца тут на гэтым стадыёне", - сказаў Лукашэнка.