Сёння ў Палацы Незалежнасці ў Мінску прайшла рабочая сустрэча беларускага прэзідэнта і сакратара Савета бяспекі.
"Ніякай надзвычайшчыны няма, гэтая сустрэча была даўно запланаваная", - сказаў кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што ў шэрагу СМІ выказваліся розныя версіі з нагоды дадзенай сустрэчы.
Вельмі карысны візіт
Паводле слоў беларускага прэзідэнта, рабочы візіт Патрушава ў Мінск "будзе вельмі карысны" для далейшага развіцця двухбаковых адносін.
"Надзвычайшчыны быць не можа, таму што, нягледзячы на шэраг пытанняў, у тым ліку адчувальных, дай бог, каб іншыя дзяржавы мелі адзін з адным такія адносіны, якія маюць сёння Беларусь і Расія", - сказаў Лукашекно і дадаў, што ў гэтым візіце няма і быць не можа ніякай канспіралогіі.
Саюзная дзяржава
Беларускі лідар адзначыў важнасць візіту Патрушава ў Мінск у кантэксце перамоў, якія тычацца Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.
"Думаю, нам з вамі ёсць пра што пагаварыць, тым больш што нядаўна прэм'еры сустракаліся ў Маскве па распрацоўцы і рэалізацыі дамовы аб Саюзнай дзяржаве. Мы спрабуем выйсці на тое, на што можам, на дадзеным этапе", - сказаў Лукашэнка.
У сувязі з гэтым беларускі прэзідэнт нагадаў пра сваю сустрэчу з расійскім лідарам Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу.
"(...) у Піцеры выразна адказалі на ўсе пытанні і паставілі задачы ўрадаў, у якім кірунку нам тут трэба будзе рухацца", - сказаў Лукашэнка.
У сваю чаргу Патрушаў падзякаваў Лукашэнку за тое, што ён вылучыў час для гэтай сустрэчы.
"Гэта для мяне заўсёды вельмі ганарова і заўсёды адказна - размаўляць з вамі. І, вядома, пацвярджаю вашы словы, што сустрэча наша запланаваная, гэта планавае мерапрыемства. Нічога такога звышнатуральнага няма, і самае галоўнае, што праца Саветаў бяспекі вядзецца на планавай аснове, эфектыўна, прадуктыўна. І я перакананы, што так будзе і далей", - сказаў Патрушаў.
"Я хачу перадаць прывітанне і самыя добрыя пажаданні ад Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна", - адзначыў Патрушаў.
Паводле яго слоў, сапраўды, за апошні час зроблены важныя крокі паміж дзвюма краінамі.
Кажучы раней пра візіт Патрушава дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась адзначаў, што "яна не ўвязана з нейкімі міжнароднымі падзеямі".
Мінск у апошнія тыдні прыняў цэлы шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных праблемам бяспекі. Так, беларускую сталіцу наведваў саветнік прэзідэнта ЗША па нацбяспекі Джон Болтан. Таксама ў Мінску праходзіла міжнародная канферэнцыя па пытаннях барацьбы з тэрарызмам.