Макей сустрэўся з новым кіраўніком прадстаўніцтва ЕС

Міністр замежных спраў адзначыў своечасовасць прызначэння на пасаду кіраўніка дыпмісіі ЕС такога спецыяліста, як Шубель - ён ужо бываў у Мінску.
Sputnik

МІНСК, 10 вер - Sputnik. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей сустрэўся з кіраўніком Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь Дзіркам Шубелем, паведамілі ў знешнепалітычным ведамстве.

Макей: членства ў СГА дасць магчымасць умацаваць эканамічную бяспеку Беларусі

Макей прыняў у Шубеля копіі даверчых грамат і абмеркаваў з ім стан і перспектывы адносін паміж Мінскам і Брусэлем.

"Міністр замежных спраў канстатаваў наяўнасць значных дасягненняў у дыялогу паміж Мінскам і Брусэлем", - паведамілі ў МЗС.

Шубель даўно залучаны ў тэматыку беларуска-еўрапейскіх адносін, і Макей адзначыў своечасовасць прызначэння на пасаду кіраўніка дыпмісіі ЕС такога спецыяліста.

Шубель узначальваў упраўленне Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў па Расіі. Раней ён працаваў начальнікам аддзела двухбаковых адносінаў з краінамі Усходняга партнёрства ЕСЗД. Па працы Шубель бываў і ў Мінску.

Бакі абмеркавалі развіццё дагаворна-прававой базы, падрыхтоўку да падпісання пагадненняў аб спрашчэнні візавых працэдур і аб рэадмісіі, таксама закранулі тэматыку праграм фінансавага садзейнічання ЕС для Беларусі. Акрамя таго, Макей і Шубель пагаварылі аб арганізацыі ў Беларусі мерапрыемстваў па лініі "Усходняга партнёрства".