Лукашэнка хоча правесці ў Мінску Суперкубак УЕФА

Беларуская федэрацыя футбола ніколі не адчувала праблем у пытаннях супрацоўніцтва з еўрапейскімі футбольнымі функцыянерамі.
Sputnik

МІНСК, 19 вер - Sputnik. Беларуская сталіца гатовая да правядзення матчу за Суперкубак УЕФА, сказаў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе сустрэчы з прэзідэнтам УЕФА Аляксандэрам Чаферыным, перадае карэспандэнт Sputnik.

Беларусь гатова падзяліцца вопытам правядзення Еўрапейскіх гульняў з Польшчай

Паводле яго слоў, футбол - самы масавы спорт у Беларусі, прэзідэнт падзякаваў за падтрымку і дапамогу, якая аказвалася і аказваецца айчыннай федэрацыі футбола.

"Спадзяемся, што з вашым выбраннем кіраўніком Федэрацыі нашы адносіны і кантакты значна павялічацца, і ў нас будзе поўнае паразуменне па ўсіх пытаннях. Хоць я не магу паскардзіцца і наракаць на мінулыя часы, што ў нас былі нейкія праблемы з федэрацыяй футбола", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, Еўрапейскі футбольны саюз заўсёды адгукаўся на просьбы Беларусі і дапамагаў асабліва дзіцячаму спорту, і Мінск ніколі не чуў з боку з УЕФА нейкага папроку.

"Ёсць у нас пэўныя недапрацоўкі, вы нас ніколі не песцілі буйнымі футбольным мерапрыемствамі. Таму калі Еўрапейскі футбольны саюз будзе ў гэтым кірунку думаць, ведайце, што мы гатовыя прыняць любыя спаборніцтвы", - запэўніў беларускі прэзідэнт.

Пры гэтым ён дадаў, што гатовы прыняць спаборніцтвы любога ўзроўню, якія датычацца нашага кантынента. "Я ведаю, што апошнім часам шмат абмяркоўваецца ў розных колах пытанне правядзення суперматча, фінальнага матчу за Кубак УЕФА. Ведайце, што, калі будзе такая ў вас магчымасць вызначыць месцам правядзення такога матчу нашу сталіцу, нашу Беларусь, мы заўсёды будзем з гэтым салідарныя і зробім гэта не горш, чым лепшыя сталіцы нашага кантынента", - асабліва адзначыў Лукашэнка.

Пасля чаго пажартаваў, што яму прыемна сустракацца з чалавекам, які ўзначальвае любімы від спорту. "Калісьці даўным даўно ў дзяцінстве я пачынаў гуляць у футбол - гэта мой від спорту. Я доўга гуляў у футбол, пакуль не атрымаў траўму. Таму мне заўсёды прыемна размаўляць з людзьмі, якія ведаюць, што такое футбол", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Нагадаем, у канцы жніўня выканкам Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" (АБФФ) падтрымаў ініцыятыву правядзення ў Мінску паядынку за Суперкубак УЕФА у 2022-2023 гадах. Беларуская сталіца двойчы спрабавала атрымаць гэты матч, але абодва разы беспаспяхова.