МІНСК, 20 вер - Sputnik. Беларускі аўтапрам гатовы пастаўляць у Новасібірск цэлую лінейку камунальнай тэхнікі і ўсе віды грамадскага транспарту, заявіў пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка.
У чацвер у Новасібірску адбылася сустрэча беларускай дэлегацыі з губернатарам Новасібірскай вобласці Андрэем Траўнікавым. Бакі абмеркавалі пытанні далейшага эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Новасібірскай вобласці Расіі.
Паводле слоў Сямашкі, Новасібірск і Навасібірская вобласць - адзін з асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС.
"Гандлёвы абарот падыходзіць да 400 мільёнаў долараў. Але гэта далёка не мяжа, у нас яшчэ шмат напрамкаў для супрацоўніцтва. З іншага боку, мы зацікаўлены ў тых распрацоўках і тэхналогіях, якія прадстаўлены навукоўцамі Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук", - адзначыў пасол.
У гэты ж дзень беларуская дэлегацыя сустрэлася з мэрам Новасібірска Анатолем Локцем.
Сямашка прэзентаваў магчымасці беларускага аўтапрама, які гатовы пастаўляць у Новасібірск цэлую лінейку камунальнай тэхнікі для ўборкі дарог, тратуараў і двароў, а таксама ўсе віды грамадскага транспарту. Ужо зараз беларускія прадпрыемствы гатовы прадставіць для тэставання ў Новасібірску свой транспарт: аўтобусы на кампрыміраваным паліве і тралейбусы з дынамічнай падзарадкай.
"Транспарт сёння для нашага горада - першаснае пытанне. Гэта адзін з прыярытэтаў развіцця Новасібірска. Горад "павіс" у пробках, нават інтэлектуальныя сістэмы кіравання патокамі не вырашаюць цалкам гэтую праблему. Таму наша задача - вярнуць гараджан на грамадскі транспарт, а для гэтага неабходна аднавіць парк муніцыпальнага транспарту. Нам неабходны новыя аўтобусы, тралейбусы з аўтаномным ходам, трамваі", - адзначыў мэр Новасібірска.
Падчас сустрэчы бакам удалося дасягнуць канкрэтных дамоўленасцяў, сярод якіх працяг праграмы мадэрнізацыі трамвайных вагонаў на базе сумеснага расійска-беларускага прадпрыемства ТАА "БКМ Сібір" з выкарыстаннем машынакамплектаў трамвайных вагонаў вытворчасці ААТ "УКХ "Белкамунмаш" і стварэнне сумеснага прадпрыемства па вытворчасці электрабусаў.
У верасні ў Новасібірску пасля летняга перапынку зноў адбудзецца выстава-кірмаш прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў.