Канфлікты вучняў і настаўнікаў: Мінадукацыі распавяло алгарытм дзеянняў

Калі вучань паводзіць сябе на ўроку задзірліва, настаўнік павінен выклікаць дзяжурнага адміністратара і паведамляць пра сітуацыю.
Sputnik

МІНСК, 20 вер - Sputnik. Міністэрства адукацыі нагадала педагогам пра дакладны алгарытм дзеянняўпры канфліктных сітуацыях з вучнямі, адпаведная інфармацыя апублікаваная на сайце ведамства.

Рэкамендацыі па паводзінах педагогаў у канфліктных сітуацыях зноў сталі актуальнымі пасля скандалу ў гомельскай СШ №15, які распачаўся ў сярэдзіне верасня. Для недапушчэння паўтарэння падобных інцыдэнтаў Мінадукацыі нагадала настаўнікам пра дакладны алгарытм дзеянняў.

Калі вучань паводзіць сябе задзірліва, правакуе іншых рабят або настаўніка, педагог павінен выклікаць дзяжурнага адміністратара або любога члена адміністрацыі - каб паведаміць пра сітуацыю. Потым кіраўніцтва школы павінна праінфармаваць аб тым, што здарылася, бацькоў вучня і паклікаць іх у школу для гутаркі.

"У выпадку неаднаразовых парушэнняў паводзіны навучэнцаў разглядаюцца на пасяджэнні савета па прафілактыцы, безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх установы адукацыі, прымаюцца адпаведныя меры, аж да пастаноўкі на ўлік", - паведамілі ў міністэрстве.

Абавязкі педагагічных работнікаў, нагадалі ў ведамстве, прапісаны ў Кодэксе аб адукацыі. Настаўнік абавязаны выконваць прававыя, маральныя і этычныя нормы.У скандал, які разгортваецца ў Гомелі, напярэдадні быў вымушаны ўмяшацца асабіста прэзідэнт: ён даручыў аднавіць звольненую настаўніцу, пазбавіць працы некалькіх мясцовых функцыянераў і абвясціў вымову прэм'ер-міністру, кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта, віцэ-прэм'еру. Кіраўніка Мінадукацыі прэзідэнт папярэдзіў аб няпоўнай службовай адпаведнасьці.