Сталі вядомыя імёны некаторых кандыдатаў у Савет Рэспублікі

Сярод прэтэндэнтаў на сенатарскія крэслы - кіраўнік Мінскага абласнога ўпраўленьня юстыцыі, дырэктар школы з Маладзечна і кіраўнік Столінскага раёна.
Sputnik

МІНСК, 23 вер - Sputnik. Беларускія раённыя выканкамы і саветы дэпутатаў пачалі вылучэнне кандыдатаў у верхнюю палату парламента - Савет Рэспублікі.

Лукашэнка паабяцаў, што выбарчая кампанія не стане шоу

Членаў верхняй палаты беларускага парламента - Савета Рэспублікі - выбіраюць на сумесных пасяджэннях абласныя выканкамы і саветы дэпутатаў. Перад гэтым прэтэндэнтаў вылучаюць раёны.

У другой палове верасня раённыя выканкамы і саветы дэпутатаў пачалі правядзенне сумесных сесій. Некаторыя раёны ўжо рэкамендавалі сваіх кандыдатаў, якіх пазней трэба будзе зацвярджаць на абласным узроўні.

Так, у сенатары вылучаны Рыгор Пратасавіцкі, які апошнія сем гадоў кіруе Столінскім райвыканкамам.

Зноў у сенатары пройдзе гендырэктар "Беларуськалія" Іван Галаваты. Таксама пераабірацца ў Савет Рэспублікі будзе Алег Портнікаў - дырэктар саўгаса "Добраахвотнік". Цікава, што яшчэ адзін гаспадарнік - дырэктар птушкафабрыкі "Дружба" Васіль Маркевіч - таксама зноў вылучаны ў сенатары.

Таксама вылучаныя ў верхнюю палату начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінаблвыканкама Аляксандр Бачыла, дырэктар адной з маладзечанскіх школ Каліна Капуцкага і кіраўнік Барысаўскага раённага аб'яднання арганізацый прафсаюзаў Алена Зяблікава - гэтыя асобы для сената будуць новыя.

Вылучэнне прэтэндэнтаў на сенацкія месцы працягнецца да 8 кастрычніка ўключна. Выберуць членаў Савета Рэспублікі 7 лістапада, а праз дзесяць дзён пройдзе ўсенароднае галасаванне - за дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

У Савет Рэспублікі ўваходзяць 64 чалавекі. Кожная вобласць і Мінск прадстаўлены васьмю сенатарамі, яшчэ восем чалавек у верхнюю палату мае права прызначаць прэзідэнт.