МІНСК, 23 вер - Sputnik. Зацверджана пагадненне аб пазыцы паміж Беларуссю і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця для фінансавання адукацыі, адпаведны ўказ падпісаў у панядзелак прэзідэнт рэспублікі Аляксандр Лукашэнка.
Як паведамілі Sputnik у прэс-службе кіраўніка дзяржавы, у 2019-2025 гадах Беларусь прыцягне пазыку ў МБРР у памеры 90 мільёнаў еўра, мэта - фінансаванне праекта "Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь", які знаходзіцца на стадыі рэалізацыі з 2016 года.
"Атрыманыя сродкі будуць накіраваныя на правядзенне рэканструкцыі і капітальнага рамонту шэрагу ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, іх аснашчэнне сучасным абсталяваннем, удасканаленне інфармацыйнай сістэмы кіравання ў сферы адукацыі", - адзначылі ў прэс-службе.
Удакладняецца, што ўсяго плануецца адрамантаваць не менш за 220 школ па ўсёй краіне.
Таксама на сродкі, атрыманыя ад пазыкі, ажыццявіцца рэалізацыя пілотных праектаў па стварэнні ў школах умоў для прадастаўлення сацыякультурных паслуг насельніцтву ў Віцебскай вобласці і стварэння на Магілёўшчыне цэнтраў інавацыйнага развіцця.
Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця - асноўная крэдытная ўстанова Сусветнага банка і функцыянуе з 1946 года. Штаб-кватэра МБРР - у Вашынгтоне.