Памёр вядомы юрыст Юрый Броўка

Сына вядомага беларускага паэта Броўку называюць заснавальнікам беларускай навуковай школы міжнароднага права.
Sputnik

МІНСК, 24 вер - Sputnik. Памёр доктар юрыдычных навук прафесар Юрый Броўка, паведамілі ў аўторак у Белдзяржуніверсітэце.

Юрый Броўка - вядомы беларускі юрыст-міжнароднік, выкладчык, сын народнага паэта краіны Петруся Броўкі.

Як паведамілі на факультэце міжнародных адносін БДУ, Броўкі не стала напярэдадні. Прычыну смерці 73-гадовага юрыста не называюць.

Броўка скончыў юрфак БДУ, больш за паўстагоддзя працаваў у альма-матэр: да 1995-га - на юрыдычным факультэце, а пазней - на ФМА.

"Юрый Броўка - заснавальнік беларускай навуковай школы міжнароднага права", - адзначылі ў ВНУ.

Акрамя навуковай і педагагічнай дзейнасці, юрыст актыўна займаўся міжнароднай праблематыкай. Так, некалькі разоў у складзе дэлегацыі БССР ён браў удзел у міжнародных мерапрыемствах, у тым ліку канферэнцыях ААН. Некаторы час ён таксама працаваў дырэктарам літаратурнага музея свайго бацькі.