Сабаленка захавала сваю пазіцыю ў сусветным рэйтынгу пасля перамогі ва Ухане

Беларуская тэнісістка па-ранейшаму знаходзіцца на 14-м месцы рэйтынгу WTA, у яе актыве зараз 2785 ачкоў.
Sputnik

МІНСК, 30 вер - Sputnik. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка здолела захаваць сваю пазіцыю ў сусветным рэйтынгу пасля перамогі ў кітайскім Ухане, паведамляе Sputnik.

Сабаленка выйграла турнір ва Ухане

Абноўлены рэйтынг з'явіўся на сайце WTA ў панядзелак. Паводле дадзеных Жаночай тэніснай асацыяцыі, Сабаленка па-ранейшаму застаецца 14-й ракеткай свету, у яе актыве зараз 2785 ачкоў.

Утрымацца на 14-м радку сусветнага рэйтынгу беларускай спартсменцы атрымалася дзякуючы перамозе на турніры ў кітайскім Ухане. Арына Сабаленка сустрэлася ў фінале адзіночнага разраду з амерыканкай Элісан Рыске. Матч завяршыўся перамогай беларускі - 6:3, 3:6, 6:1. Спартсменцы ўдалося абараніць чэмпіёнскі тытул, які яна здабыла на гэтым турніры ў 2018 годзе.

У парным разрадзе Сабаленка разам з бельгійкай Элізэ Мертэнс дайшла да фіналу турніру ва Ухане, але не змагла заваяваць тытул. Усё ж гэта дазволіла ёй падняцца на адзін радок у парным рэйтынгу і заняць пятае месца.

У сотні найлепшых тэнісістак свету таксама засталася беларуска Вікторыя Азаранка: яна апусцілася на тры радкі і зараз размяшчаецца на 50-м месцы рэйтынгу WTA. Аляксандра Сасновіч страціла дзевяць пазіцый і апусцілася на 60-ы радок рэйтынгу.