Першыя назіральнікі БДІПЧ АБСЕ атрымалі акрэдытацыю ЦВК Беларусі

Усяго па дадзеных на 30 верасня, пасведчанні ўжо атрымалі 103 міжнародныя назіральнікі, з якіх 99 прадстаўляюць СНД і чатыры - БДІПЧ АБСЕ.
Sputnik

МІНСК, 1 кас - Sputnik. Цэнтрвыбаркам Беларусі выдаў акрэдытацыю першым назіральнікам ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ), якія будуць сачыць за ходам парламенцкіх выбараў, паведамілі ў ЦВК.

Усяго, па дадзеных на 30 верасня, пасведчанні ўжо атрымалі 103 міжнародныя назіральнікі, з якіх 99 прадстаўляюць СНД і чатыры - БДІПЧ АБСЕ. У склад місіі ад Садружнасці ўвайшлі 25 чалавек, якія прадстаўляюць Міжпарламенцкую асамблею краін - удзельніц СНД.

Таксама на сайце Цэнтрвыбаркама апублікаваная інфармацыя аб тым, што свае кандыдатуры ў дэпутаты ніжняй палаты парламента сёмага склікання ўжо вылучылі 70 чалавек. Палітычныя партыі вылучылі 43,4% патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты.

Нагадаем, місія па ацэнцы патрэбаў ад БДІПЧ АБСЕ працавала ў нашай краіне ў жніўні, вынікам працы стала рэкамендацыя накіраваць у краіну 30 доўгатэрміновых і 400 кароткатэрміновых назіральнікаў.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прызначаныя на 17 лістапада. Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты праходзіць з 8 верасня па 7 кастрычніка 2019 года ўключна.