Зараз у Гродне на тэрыторыі Старога замка ідзе поўнамаштабная рэстаўрацыя. Другая сталіца Рэчы Паспалітай у XVI стагоддзі прымала ў сябе Сойм. Тут польскі кароль і вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Стэфан Баторый вырашыў пабудаваць для сябе палац.
Праект архітэктара Уладзіміра Бачкова, па якім і вядуцца рэстаўрацыйныя работы, сутыкаўся з крытыкай з боку гісторыкаў яшчэ да пачатку ўвасаблення ў жыццё. Карэспандэнт Sputnik Станіслаў Андросік разам з навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі НАН Беларусі Мікалаем Волкавым разабраўся, што ў праекце памылка, а што - відавочная фальсіфікацыя.
Абсалютная фантазія
На Замкавай гары ў Гродне яшчэ кіпяць будаўнічыя работы, поўным ходам ідзе першая чарга рэстаўрацыі. Цяпер аднаўляюцца замкавыя вароты, але адразу за імі з'явілася камяніца.
Па словах гісторыка, галоўная праблема ў тым, што архітэктар і чыноўнікі дапусцілі ўзвядзенне будынка, якога на тэрыторыі каралеўскага замка ніколі не было, што пацвярджаюць археалагічныя даследаванні.
"Пад камяніцай капалі і нічога не знайшлі - гэта абсалютная фантазія. Вы заходзіце ў вароты і справа бачыце палац Баторыя, дзе жылі манархі і праходзілі Соймы, а злева ў нас знаходзіцца домік, якога ніколі не было. Калі вам шапнуць на вушка, што гэта лухта і гэтага ніколі не было, адразу паўстане пытанне: а можа, і астатняе падман?" - лічыць Мікалай Волкаў.
Фактычны падман
У суседняй Варшаве каралеўскі палац пабудаваны нанова пасля таго, як яго знішчылі нацысты ў 1944 годзе практычна да падмурка.
Цалкам прыдуманы і пабудаваны новы палац у Вільні. Гэта ўсяго толькі спроба наблізіцца да таго, што было калісьці пабудавана.
"А ў Гродне мы маем арыгінал (каралеўскі палац Баторыя - Sputnik)", - звярнуў асаблівую ўвагу гісторык.
Уздоўж сцяны ўжо пабудавана так званая мерная ізба. Аказалася, што і з ёй не ўсё так проста, як думаў архітэктар Бачкоў. "Мерная ізба - гэта фактычна падман. Таму што ізба была драўлянай, а сама тэрміналогія (аўтараў праекта рэстаўрацыі - Sputnik) высмактаная з пальца", - мяркуе навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі.
Паводле яго слоў, на гэтым месцы ў замку быў драўляны будынак, у якім былі пакоі і дзве мерныя хаты. У польскай тэрміналогіі гэта жылое памяшканне сярэдніх памераў, то бок мерны - гэта сярэдні.
Атрымліваецца, што мерная ізба - гэта пакой з печкай, дзе можна было жыць. Аўтары праекта няправільна інтэрпрэтавалі інвентар, і ўвесь драўляны будынак назвалі мернай ізбой.
"Плюс да ўсяго яны зрабілі гэта будынак у цэгле, то бок поўнае глупства, пачынаючы ад назвы і да ўвасаблення", - канстатаваў Мікола Волкаў.
Гучы стараюцца не ўзгадваць
Увесь праект рэстаўрацыі каралеўскага замка ў Гродне аўтарства архітэктара Уладзіміра Бачкова будаваўся на ідэі, што яго узвёў у XVI стагоддзі італьянскі дойлід Санці Гучы.
Бюджэтныя сродкі ўжо паспелі выдаткаваць на дэкаратыўныя элементы будучага ўбрання палаца. Для гэтага архітэктары нават ездзілі знаёміцца з іншымі барочнымі будынкамі аўтарства італьянскага майстра.
Праблема заключаецца ў тым, што гісторыкі не маюць ніякіх доказаў таго, што замак для Стэфана Баторыя будаваў менавіта Санці Гучы. У выніку ў Гродне можа з'явіцца цалкам фэйкавы замак.
"Цяпер усім зразумела, што аўтар не Санці Гучы. Цяпер у Польшчы мастацтвазнаўцам Вольгай Гайдук падрыхтавана доктарская (па беларускай класіфікацыі кандыдацкая - Sputnik) дысертацыя па Гучы. Гэта лепшы спецыяліст па творчасці гэтага майстра", - распавёў беларускі гісторык.
Польскі даследчык прыязджала ў Гродна, дзе выступіла з дакладам перад грамадскасцю і сказала з упэўненасцю, што каралеўскі замак будаваў не Санці Гучы.
Пасля гэтага дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка перастаў згадваць Гучы і стаў гаварыць толькі "замак Баторыя".
"Па першай чарзе рэстаўрацыі ўжо выраблены дэкор. Яны ўзялі за ўзор ўсе са спадчыны Гучы. Мала таго, і палац яны будуць рабіць па Гучы, хоць ужо фактычна згодныя, што будаваў не ён", - падкрэсліў Мікалай Волкаў.
Плюсы і мінусы
Пры гэтым гісторык звяртае ўвагу, што ўдалося ўсё ж захаваць гістарычныя фрагменты. Прыбудову каля замкавай брамы, напрыклад, разабралі не да канца. Захавалі падмурак пад вежай, якая зараз узвышаецца над Нёманам.
"Фактычна праект Бачкова рэалізуецца так, як ён і задумваў. З'явілася камяніца, якой ніколі не было. Мерная ізба, якой не было. Вежа над Нёманам павінна была быць у тры паверхі, яны зрабілі чатыры, там наверсе ў алебастравай зале было тры вакна, яны робяць восем", - распавёў навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі.
На яго думку, цяпер людзі, якія рэалізуюць праект рэстаўрацыі, кажуць, што прыслухоўваюцца да крытыкі. Прайшло абмеркаванне формы купала над брамай.
"Праўда, заўвагі ў польскіх спецыялістаў былі не толькі да формы купала. Праблема ў тым, што герб або купал - гэта дробязі. Вось камяніцу мы ўжо не зможам знесці. Гэта вялікая будыніна, на якую выдаткавана дзясяткі тысяч долараў з бюджэту", - сказаў Мікалай Волкаў.
Пасля чаго дадаў, што "была рэалізаваная цалкам памылковая канцэпцыя". Ідзе імітацыя дыскусіі, і сітуацыя з купалам падаецца як прыклад, што да крытыкі прыслухоўваюцца. Хоць на самай справе важныя пытанні не абмяркоўваюцца ні з грамадскасцю, ні са спецыялістамі, а вырашаюцца кулуарна.
Другая хваля фальсіфікацыі
Гравюра Томаша Макоўскага дае практычна кананічнае ўяўленне пра тое, як выглядаў Гродна і замак на мяжы XVI-XVII стагоддзяў.
Дзякуючы графічнай інфармацыі і звесткам інвентароў гісторыкі ведаюць, што ў палацы Стэфана Баторыя было два паверхі і высокі дах. Першы паверх выконваў бытавую функцыю, а на другім жыў кароль, ён служыў месцам правядзення афіцыйных мерапрыемстваў.
"Бачкоў прыдумаў дадатковы будынак над другім паверхам. Гэты атык не ўжываецца з дахам. Прычым пра яго нідзе не ўпамінаецца ў крыніцах - гэта фактычна фантазія. Плюс сюды запіхваецца яшчэ адзін паверх", - наракае гісторык.
У ходзе рэстаўрацыі аднапавярховую галерэю, якая ішла да палаца, разбурылі да пэўнага ўзроўню і надбудавалі зверху адзін паверх. Над ім ужо ўзведзена балюстрада, якая вядзе ў надбудовы у палацы.
"Цяпер ім трэба прабіць арыгінальную сцяну ў палацы Баторыя, каб быў выхад на прыдуманы паверх", - апісаў сітуацыю Мікалай Волкаў.
Зараз для рэалізацыі гэтай задумы распрацоўваецца архітэктурны праект другой чаргі рэстаўрацыі ў Старым замку. Пры гэтым Волкаў адзначыў, што ў выніку мы атрымаў "Дыснэйлэнд", у якім толькі праект каштуе сотні тысяч долараў бюджэтных сродкаў.
"Зрабіўшы першую чаргу рэстаўрацыі па праекце Бачкова, яны пачнуць гэтак жа вярстаць і палац. Фактычна гэта стане другой хваляй фальсіфікацыі пры рэстаўрацыі замка ў Гродна", - падсумаваў гісторык.