МІНСК, 7 кас - Sputnik. Нобелеўская прэмія 2019 года ў фізіялогіі і медыцыне дасталася Уільяму Дж. Кейліну-малодшаму, Пітару Дж. Рэткліфу і Грэгу Л. Сяменцы за даследаванні адчувальнасці клетак да кіслароду, адпаведнае рашэнне абвясціў у панядзелак нобелеўскі камітэт.
Нобелеўская прэмія - адна з самых прэстыжных узнагарод у навуковым свеце. Традыцыйна ўзнагароды ўручаюць за даследаванні ў галіне медыцыны, фізікі, хіміі, а таксама за дасягненні ў сферы эканомікі, літаратуры і ўмацавання міру.
Пачынаецца "нобелеўскі тыдзень" з абвяшчэння імя лаўрэата прэміі ў галіне фізіялогіі і медыцыны.
Згодна з рашэннем Каралінскі інстытута, Нобелеўская прэмія 2019 года дасталася тром даследчыкам: Уільяму Дж. Кейліну-малодшаму, Пітару Дж. Рэткліфу і Грэгу Л. Сяменцы. Навукоўцы даследуюць адчувальнасць і механізмы адаптацыі клетак да рознай колькасці кіслароду.
"Фундаментальнае значэнне кіслароду разумелася стагоддзямі, але як клеткі прыстасоўваюцца да зменаў узроўню кіслароду, не было вядома. У гэтым годзе ўзнагароджаная прэміяй праца раскрывае малекулярныя механізмы, якія ляжаць у аснове таго, як клеткі адаптуюцца да зменаў у забеспячэнні кіслародам", - растлумачылі ў інстытуце.
Як адзначылі ў інстытуце, адкрыццё мае "фундаментальнае значэнне для фізіялогіі". Яно дапаможа навуцы знайсці новыя шляхі барацьбы з анеміяй, ракам і шэрагам іншых захворванняў.
У аўторак у Стакгольме назавуць лаўрэата прэміі па фізіцы, у сераду - у галіне хіміі. Імя ўладальніка Нобелеўскай прэміі па літаратуры стане вядома ў чацвер, уладальніка прэміі міру назавуць у пятніцу, узнагароды за даследаванні ў эканоміцы - у наступны панядзелак.
Узнагароджанне лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі адбудзецца 10 снежня ў Стакгольме.