МІНСК, 12 кас - Sputnik. Унёсак аграрыяў Мінскай вобласці ў рэспубліканскі каравай у гэтым годзе самы высокі, заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, вітаючы ўдзельнікаў і гасцей абласнога фестывалю "Дажынкі-2019".
Абласныя "Дажынкі-2019" у гэтым годзе прымае Барысаў. Фестываль-кірмаш разгорнецца на стадыёне "Барысаў-Арэна", яго гасцямі і ўдзельнікамі стануць 15 тысяч чалавек.
"Кіраўнік дзяржавы павіншаваў працаўнікоў вёскі Мінскай вобласці з паспяховым завяршэннем уборачнай кампаніі, адзначыўшы, што ў рэгіёне выгадавалі 1,8 мільёна тон збожжавых і зернебабовых культур", - паведамілі ў прэс-службе прэзідэнта Беларусі.
У віншаванні Лукашэнка адзначыў, што гэта на траціну больш, чым у мінулым годзе.
"У гэтым годзе ўнёсак Міншчыны ў рэспубліканскі каравай - самы важкі. Вы з'яўляецеся лідарамі і па іншых ключавых паказчыках сельскагаспадарчай вытворчасці", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Каб дасягнуць такога выніку, паводле слоў беларускага лідара, разам працавалі ўсе - ад кіраўнікоў да механізатараў.
"Аграрыі, чыя самаадданая праца забяспечвае харчовую бяспеку краіны, - сапраўдныя героі нашага часу", - сказаў Лукашэнка.
Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што "ў далейшым любоў да роднай зямлі, адданасць прафесіі і адказнае стаўленне да справы дапамогуць вам захаваць высокія пазіцыі ў аграпрамысловым комплексе Беларусі, а нашы ўраджаі з кожным годам будуць толькі багацей".