МІНСК, 17 кас - Sputnik. Каля чатырох мільёнаў жыхароў Беларусі ўжо прайшлі перапіс, паведамілі ў чацвер у Нацыянальным статыстычным камітэце Беларусі.
Перапіс насельніцтва стартаваў у Беларусі 4 кастрычніка. На дадзеным этапе прайсці яго можна анлайн або на стацыянарных участках.
Паводле звестак Белстата на раніцу чацвярга перапіс прайшлі 3968,6 тысяч чалавек. З іх менш за палову - праз інтэрнэт: 1575,8 тысяч чалавек.
Больш за ўсё тых, хто перапісаўся - у Мінску (765,2 тысячы чалавек), менш за ўсё - на Магілёўшчыне (372,4 тысячы). Доля тых, хто прайшоў перапіс праз інтэрнэт, вышэй за ўсё ў Мінску - 65,4%, ніжэй за ўсё - на Гарадзеншчыне (30,1%).
Таксама беларусы могуць прайсці перапіс на стацыянарных участках. А з 21 кастрычніка па кватэрах і дамах жыхароў рэспублікі пачнуць хадзіць перапісчыкі - да тых, хто прайшоў працэдуру анлайн або на спецыяльным участку, яны не зазірнуць.
Перапіс насельніцтва Беларусі - 2019: варыянты праходжання і тэрміны - глядзіце ў інфаграфіцы Sputnik.