Мінадукацыі адказала на крытыку за перапоўненасць класаў

Як падкрэслілі ў ведамстве, нарматыўнымі прававымі актамі прадугледжана дзяленне класаў на групы пры вывучэнні асобных вучэбных прадметаў.
Sputnik

МІНСК, 17 кас - Sputnik. Міністэрства адукацыі адказала на крытыку за перапоўненыя класы школ, адпаведны адказ за подпісам намесніка кіраўніка ведамства Аляксандра Кадлубая апублікаваны на сэрвісе інтэрнэт-петыцый.

Мінадукацыі: будзе няправільна адбіраць мабільнікі ў школьнікаў

Праблема з перапоўненасцю класаў у шэрагу ўстаноў адукацыі стала асабліва актуальнай гэтай восенню: на пачатку навучальнага года паведамлялася ў тым ліку аб класах па 34 чалавекі, што парушае нормы Кодэкса аб адукацыі.

"Сярэдняя напаўняльнасць класаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі па рэспубліцы складае 19 чалавек, у тым ліку ў гарадской мясцовасці 24 чалавекі. Такім чынам, праблема функцыянавання класаў з напаўняльнасцю, якая перавышае патрабаванні нарматыўных прававых актаў, характэрная не для ўсіх УАСА рэспублікі", - запэўніў Кадлубай.

Паводле слоў намесніка міністра, міністэрства і мясцовыя ўлады прымаюць меры па зніжэнні напаўняльнасці класаў, напрыклад: адкрываюць новыя школы.

"Акрамя таго, нарматыўнымі прававымі актамі прадугледжана дзяленне класаў на групы пры вывучэнні асобных вучэбных прадметаў, пры правядзенні лабараторных і практычных работ, што дазваляе ажыццяўляць дыферэнцыраваны падыход да кожнага вучня незалежна ад напаўняльнасці класа", - падкрэсліў намеснік міністра.

Нагадаў Кадлубай і пра тое, што ў праекце новага Кодэкса аб адукацыі плануецца адысці ад выразнага патрабавання да напаўняльнасці класаў. Вызначаць колькасць вучняў у класе будуць мясцовыя ўлады і адміністрацыя школ.