МІНСК, 17 кас - Sputnik. Урад Беларусі замацаваў патрабаванне вызначаць для ўсіх школьнікаў адзіныя па наборы страў і кошце рацыёны харчавання ў школах, адпаведная норма замацаваная ў пастанове ад 14 кастрычнiка №694 "Аб арганізацыі харчавання навучэнцаў".
Школьнае харчаванне выклікае шмат нараканняў як сярод бацькоў, так і чыноўнікаў. Пасля нядаўняга патрабавання прэзідэнта карміць усіх дзяцей аднолькава Камбінаты школьнага харчавання аператыўна распрацавалі новыя меню. Цяпер жа патрабаванне замацавана і заканадаўча.
Так, у абноўленым палажэнні аб арганізацыі харчавання навучэнцаў зафіксавана неабходнасць распрацоўваць "рацыёны харчавання, адзіныя па наборы страў і кошце, у залежнасці ад узросту (6-10 гадоў, 11-13 гадоў, 14-17 гадоў) для навучэнцаў, якім прадугледжана харчаванне за кошт сродкаў рэспублiканскага i (або) мясцовых бюджэтаў, а таксама за кошт сродкаў законных прадстаўнікоў навучэнцаў".
У дзеючым да сённяшняга дня палажэнні фармулёўка была больш расплывістай, з-за чаго школы маглі мяняць колькасць страў або іх кошт. "... дзённыя рацыёны харчавання, адзіныя для навучэнцаў, якім прадугледжана харчаванне за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама за кошт сродкаў бацькоў ці іншых законных прадстаўнікоў", - было пазначана ў дакуменце.
Адкуль такая ўвага?
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка 2 верасня падчас наведвання сталоўкі школы №93 у Мінску звярнуў увагу на тое, што навучэнцы розных катэгорый харчуюцца па-рознаму: у прыватнасці, дзеці ільготных катэгорый не мелі права выбару страў.
Ён запатрабаваў урэгуляваць пытанне і зрабіць харчаванне для ўсіх вучняў аднолькавым.
"Дзеці павінны быць усё ў роўных умовах. Не ганьбіце. Гэта дурасць, якую я чую ў першы раз. Абавязкова ў роўных умовах!" - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.
Пастанова ўрада, якая замацоўвае новыя патрабаванні да харчавання, уступіла ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.