Топ-5 кніг да Хэлоўіна, якія праймаюць да дрыжыкаў

Sputnik рыхтуецца да Дня ўсіх святых і зрабіў падборку кніг на беларускай мове, якія варта прачытаць усім аматарам жахаў.
Sputnik

Набліжаецца самая жудасная ноч у годзе, ноч, калі сілы зла пануюць на зямлі, а нячысцікі пакідаюць свае сховішчы, каб адсвяткаваць "прафесійнае" свята – Хэлоўін. Каб прасякнуцца адпаведным настроем, Sputnik прапануе пачытаць пра неспазнанае, таямнічае і жахлівае, адным словам усё тое, што стварае непаўторную атмасферу восеньскага свята.

І няхай традыцыя святкаваць Хэлоўін прыйшла ў Беларусь з Захаду, ушанаваць мясцовых нячысцікаў такім чынам таксама будзе дарэчы. Бо старонкі прапанаваных кніг таксама насяляюць і прывіды, і чэрці, і таямнічыя пачвары, якія здольныя з розума звесці нават самага трывалага чытача.

Ян Баршчэўскі, "Шляхціц Завальня, або Беларусь ў фантастычных апавяданнях"

Бессмяротная класіка беларускай фантастычнай літаратуры, гэта кніга адчыняе перад чытачом свет магічных уяўленняў нашых продкаў. Яе сапраўды можна назваць энцыклапедыяй беларускай міфалогіі: часам смешна, часам страшна ў ёй апісваюцца падзеі, якія здарыліся са звычайнымі людзьмі, якія сутыкнуліся ў сваім жыцці з нячыстай сілай.

Уладзімір Караткевіч, "Дзікае паляванне караля Стаха"

Раман, які цалкам можна аднесці да жанру гатычнай літаратуры: тут і змрочны замак з прывідамі, і страшная таямніца, і прыгожая дзяўчына, якая пакутуе сярод цемры і злачынства. Уладзімір Караткевіч – майстар стварэння атмасферы, на старонках яго твору літаральна ажывае легенда.

Уладзімір Караткевіч, "Чорны замак Альшанскі"

Гэты дэтэктыўны аповед таксама можна ахарактэрызаваць і як містычны трылер. Гісторыя закручваецца вакол археалагічных работ, якія вядуцца на руінах Альшанскага замку. На першы погляд здаецца, што гэта звычайная прыгодніцкая гісторыя пра пошук старажытнага скарба, але на сваім шляху галоўны герой мусіць апынуцца на мяжы вар'яцтва.

Аліна Длатоўская, "Арнаменты"

Сучаснае беларускае гарадское фэнтэзі, без сумневаў, парадуе аматараў пераносу старажытных легенд у свет, які ўжо даўно забыўся на іх, супакоены дасягненнямі навукі. Дзеянне адбываецца ў Мінску, дзе гараджане сутыкаюцца з істотамі, памяць пра якіх жыве бадай што толькі ў старажытных паданнях.

Говард Філіп Лаўкрафт, "Кліч Ктулху"

Так, знакамітую кнігу караля жахаў Говарда Лаўкрафта таксама ўжо можна прачытаць на беларускай мове. У зборнік увайшлі творы аўтара з розных перыядаў яго творчасці, але ўсе яны аб'яднаныя агульным адчуваннем невымоўнага жаху перад невядомым і бязвыходнасцю.

Чытайце таксама: