МІНСК, 28 кас - Sputnik. Пытанні забеспячэння грамадскай бяспекі падчас парламенцкай кампаніі былі абмеркаваныя падчас сустрэчы ў МУС з місіяй назіральнікаў ад БДІПЧ АБСЕ, паведамілі ў ведамстве.
У МУС прайшоў круглы стол, у працы якога прынялі ўдзел кіраўніцтва міліцыі грамадскай бяспекі і назіральнікі ад АБСЕ. Начальнік упраўлення аховы правапарадку МУС палкоўнік Дзмітрый Кур'ян праінфармаваў прадстаўніка БДІПЧ АБСЕ Уэйна Пілгрыма пра тое, што беларуская міліцыя забяспечыць парадак і бяспеку ў краіне на час электаральнай кампаніі.
"Як толькі выбарчыя бюлетэні паступяць у камісіі, участкі для галасавання будуць узятыя міліцыяй пад кругласутачную ахову. Акрамя гэтага, міліцыя будзе ў межах сваёй кампетэнцыі дапамагаць старшыням камісій падтрымліваць парадак у месцах галасавання", - падкрэсліў Кур'ян.
На сустрэчы асаблівая ўвага была ўдзелена тэме бяспекі знаходжання ў краіне замежных назіральнікаў.
У МУС адзначылі, што міліцыя гатовая аказваць садзейнічанне замежным назіральнікам у пытаннях бяспекі. Прадстаўнікам місіі БДІПЧ АБСЕ далі каардынаты супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія будуць узаемадзейнічаць з назіральнікамі
"У сваю чаргу, ад замежных назіральнікаў мы чакаем адказнага і канструктыўнага падыходу да сваёй працы, а таксама разлічваем, што замежныя місіі і асобныя назіральнікі будуць выконваць беларускае заканадаўства", - адзначыў Кур'ян.
Акрамя таго, начальнік аддзела па міграцыі Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Вадзім Забаронак пазначыў асаблівасці міграцыйнага заканадаўства Беларусі ў адносінах да замежных грамадзян, якія прыбылі для назірання за выбарамі па запрашэнню ЦВК.