Сусветны банк выдзеліць Мінску амаль $100 млн на праект па энергакарыстанні

Праект накіраваны на пашырэнне маштабаў устойлівага энергакарыстання праз адпаведны перавод кацельняў, якія выкарыстоўваюць прыродны газ, на драўняную біямасу і на цеплавую мадэрнізацыю.
Sputnik

МІНСК, 31 кас - Sputnik. Савет выканаўчых дырэктараў Сусветнага банка зацвердзіў фінансаванне ў памеры 99,3 мільёна долараў ЗША для новага праекта па пашырэнні ўстойлівага энергакарыстання ў Беларусі, паведамілі ў чацвер у прэс-службе СБ.

Місія МВФ пачынае працаваць у Беларусі

Праект па ўстойлівым энергакарыстанні прасдугледжвае перавод кацельняў з прыроднага газу на драўняную біямасу, а таксама цеплавую мадэрнізацыю шматкватэрных жылых будынкаў.

"Акрамя таго, праект прадугледжвае аказанне тэхнічнай дапамогі, накіраванай на рэалізацыю страхавой праграмы па цеплавой мадэрнізацыі і павышэнне ўзроўню дасведчанасці аб новым фінансавым механізме, які дазваляе хатнім гаспадаркам суфінансаваць мерапрыемствы па ўцяпленні шматкватэрных дамоў", - адзначылі ў Сусветным банку.

Агульны бюджэт праекта складзе 202,25 мільёна долараў - акрамя Сусветнага банка, сродкі выдзеляць Еўрапейскі інвестыцыйны банк (99,3 мільёна долараў) і Глабальны экалагічны фонд (3,65 мільёна).

Першы кампанент праекта будзе накіраваны на зніжэнне спажывання прыроднага газу з дапамогай замены газавых катлоў катламі на біямасе, устаноўкі абсталявання для драбнення драўніны і палівасховішчаў, а таксама мадэрнізацыі цеплавых сетак. Другі кампанент праекта будзе накіраваны на правядзенне цеплавой мадэрнізацыі шматкватэрных дамоў у двух пілотных абласцях - Гродзенскай і Магілёўскай", - адзначылі ў арганізацыі.

Як адзначыў пастаянны прадстаўнік Сусветнага банка ў Беларусі Алекс Крэмер, сёння многія беларусы хацелі б уцяпліць свае дамы і ўсталяваць у кватэрах сістэмы кантролю ацяплення і ўліку цяпла, аднак у большасці выпадкаў гэта даволі дорага.

"Мы спадзяемся, што гранты і доўгатэрміновыя крэдыты, якія прадастаўляюцца ў рамках гэтага праекта, будуць стымуляваць хатнія гаспадаркі ўкладваць сродкі ў цеплавую мадэрнізацыю і, тым самым, павышаць узровень камфорту, зніжаць спажыванне цяпла і, у канчатковым выніку, павялічваць кошт сваіх кватэр", - паведаміў ён.

Плануецца, што ў рамках рэалізацыі праекта комплексная цеплавая мадэрнізацыя будзе праведзена прыкладна ў 250 шматкватэрных жылых дамах. Эканомія па рахунках пасля правядзення работ можа дасягаць 40%, дадалі ў СБ.