Тэатральны куфар-2019: што пакажуць студэнцкія тэатры ў БДУ

У гэтым годзе ў Беларусь на форум прыедуць не толькі суседзі, але і артысты з Непала, Інданэзіі і Францыі.
Sputnik

Тэатральныя калектывы з дзевяці краін пакажуць 12 яркіх спектакляў на міжнародным фестывалі студэнцкіх і моладзевых тэатраў "Тэатральны куфар БДУ". У гэтым годзе свята пройдзе ў шаснаццаты раз пад дэвізам "Парушаем раўнавагу!", а акцэнт арганізатары вырашылі зрабіць на пластычных спектаклях у рамках спецыяльнай праграмы "Куфар_Пластылін".

Ад Парыжа да Бабруйска: куды ў гэтым годзе з гастролямі паедуць купалаўцы

За увесь час існавання ўдзел у тэатральным форуме прымалі 150 тэатраў з 65 краін. На гэты раз сучасны моладзевы тэатр прадставяць  артысты з Інданэзіі, Непала, Грузіі, Беларусі, Польшчы, Украіны, Расіі, Францыі і Эстоніі.

Распачнецца тэатральная афіша 19 лістапада ў Ліцэе БДУ, дзе тэатр танца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі пакажа спектакль "Прабелы".  Цікавую пластычную пастаноўку "Factum fatum" на гэтай жа пляцоўцы 22 лістапада таксама прадставіць тэатр "Карамн" з расійскага горада Кемерава.

Тэатральны форум не будзе абсалютна пластычным, не застанецца без увагі і драма. Студэнцкі тэатр Таратускага ўніверсітэта 20 лістапада пакажа эксцэнтрычную камедыю "Ураджай" ў пастаноўцы Калева Куду па п’есе беларускага драматурга Паўла Пражко.

Традыцыйна ў "Тэатральным куфары" будуць удзельнічаць і прафесійныя моладзевыя тэатры. Эксперымент па змешванні аматарскіх і прафесійных калектываў працягваецца ўжо трэці год і, па меркаванні ўдзельнікаў і гасцей, дае станоўчыя вынікі.

Спецыяльны госць фестываля – спектакль аднаго з лепшых тэатраў Грузіі Тбіліскага дзяржаўнага тэатра кінаакцёра імя Туманішвілі "Лысая спявачка" па п’есе Эжэна Іанэскі, які можна будзе ўбачыць 24 лістапада ў Палацы культуры прафсаюзаў. Пастаноўка неаднойчы ўдзельнічала ў міжнародных фестывалях, у тым ліку, і знакамітым Эдынбургскім фестывалі мастацтваў.

Яркім відовішчам абяцае стаць традыцыйны праект фестываля "Куфар-in-Motion". У гэтым годзе пастаноўку на працягу тыдня будзе ствараць выбітны педагог-харэограф з Віцебска Уладзіслаў Цвікі. Вынік ён прэзентуе 24 лістапада ў арт-прасторы HIDE.

Хто атрымае галоўны прыз фестываля традыцыйна будуць вырашаць гледачы: яны будуць ацэньваць кожную пастаноўку па 5-бальнай сістэме. А прафесійным меркаваннем падзеліцца дэкан факультэта мастацтваў і гуманітарных навук Універсітэта Дэ Мантфорт (Вялікабрытанія) прафесар Роб Бранен.