Грыдзюшка сышоў з пасады дырэктара Вялікага тэатра

У сваім лісце, апублікаваным на сайце тэатра, ужо былы дырэктар звярнуўся да калег і гледачоў са словамі падзякі.
Sputnik

МІНСК, 2 ліс - Sputnik. Генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Уладзімір Грыдзюшка напярэдадні пакінуў свой пост, паведамляецца на сайце тэатра.

Ён вяртаецца: як калектыў Вялікага тэатра сустрэў Валянціна Елізар'ева

"У сувязі з заканчэннем працоўнага кантракту я завяршаю сваё служэнне мастацтву ў якасці Генеральнага дырэктара Вялікага тэатра Беларусі", - заявіў Грыдзюшка ў лісце, апублікаваным на сайце Опернага тэатра.

Ён падзякаваў калегам за сумесную працу на працягу дзесяці гадоў. Нагадаем, Грыдзюшка ўзначаліў тэатр у 2009-м.

"З гонарам і ўпэўненасцю магу сказаць, што сёння Вялікі тэатр Беларусі - тэатр найвышэйшага ўзроўню, які атрымаў шырокае прызнанне гледачоў, павагу і аўтарытэт у міжнароднай тэатральнай супольнасці. І гэта заслуга кожнага работніка тэатра: артыстаў, супрацоўнікаў мастацка-пастановачнай службы, адміністрацыйна-кіраўніцкага персаналу і іншых падраздзяленняў", - напісаў ён.

"Жадаю вам заставацца такім жа дружным калектывам, згуртаванай камандай і добрымі сябрамі", - дадаў Грыдзюшка.

Былы гендырэктар цёпла падзякаваў і гледачам: "Дзякуй вам за любоў і адданасць тэатру. Гэта самая высокая і значная ацэнка нашай работы".

"Дабра, здароўя, дабрабыту ўсім вам, а любімаму тэатру-далейшага працвітання!" - сказаў Грыдзюшка.