Калі раней на чырвонай дарожцы мінскага фестываля з'яўлялася Арнэла Муці, то ў гэтым годзе гасцей сустракалі інсталяцыяй ад "Беларусьфільма", постарам фільма "Купала" і музычнай зонай, дзе выступалі беларускія гурты, якія выконвалі ролі ў першым нацыянальным маладзёжным серыяле "Ілюзіі".
На гасцей фестывалю, іх строі і спосабы, якімі арганізатары паспрабавалі задаць настрой, паглядзелі карэспандэнты Sputnik.
Запрошаныя зоркі і аўтамабіль
Каб кожны, хто шпацыраваў у гэты вечар па Нямізе, быў у курсе таго, што праходзіць у кінатэатры "Масква", каля ўваходу размясцілі амаль сапраўдны здымачны павільён. Камера перасоўвалася па рэйках, рэжысёр даваў указанні, хлапушка адлічвала дублі - такім спосабам мінчан зазывалі далучыцца да кінематографа.
Акцёраў набіралі прама з масоўкі і дазвалялі пасядзець за рулём аднаго з найстарэйшых аўтамабіляў "Беларусьфільма" - машыны, якую здымалі амаль ва ўсіх фільмах ваеннай тэматыкі.
"Мінакі пайшлі! Трымаем сярэдні план. Камера ёсць? Нам патрэбен буйны план. Ну што, было?" - мітусіўся рэжысёр, набіраў акцёраў з "масоўкі" і ўсяляк стараўся зрабіць так, каб любы выпадковы мінак атрымаў сваю хвіліну славы.
"Кіно здымаецца тут, як гэта было апошнія 95 гадоў гісторыі кінастудыі "Беларусьфільм", і як гэта будзе яшчэ шмат гадоў", - нёсся над імправізаванай пляцоўкай і Нямігай добра пастаўлены голас суфлера.
"Беларусьфільма" на фестывалі нездарма так шмат - у кінастудыі ў гэтым годзе юбілей. Кіно, вядома, здымаюць і за яго межамі, і паглядзець на поспехі маладых рэжысёраў можна будзе ў рамках "Нацыянальнага конкурсу".
Па дарозе да радасці
Слоган фестываля ў гэтым годзе - "Да радасці", гэта алюзія на аднайменны фільм Інгмара Бергмана.
На ўваходзе слоган развіваюць. "Гледачы - вандроўцы, кінатэатр - вакзал, квіткі на кінасеанс - пуцёўка ў іншае вымярэнне, а фільмы - дарогі", - расказваюць гасцям фестываля.
Пакуль за сценамі кінатэатра "Масква" - актыўнасці для тых, хто не запомніўся ўнёскам у кінематограф, усярэдзіне - знакамітасці беларускага кіно і набліжаныя да іх - кіраўнік "Беларусьфільма" Уладзімір Карачэўскі, акцёры, кінакрытыкі.
На другім паверсе - кафэ "Ілюзіі". Такое ж было ў аднайменным серыяле "Беларусьфільма". У серыяле выканалі свае кампазіцыі больш 30 беларускіх гуртоў, некаторыя з іх спявалі і тут.
"Я ў гэтым фільме галоўны акцёр, я сцэнарыст і я рэжысёр", - перапяваць ўдзельнікі адной з груп. Для беларускага кіно гэта часам больш, чым метафара, так яно і здымаецца, нічога не зробіш.
Побач другі стэнд - і таксама ад "Беларусьфільма". Тут можна сфатаграфавацца з інтэр'ерам фільма "Авантуры Пранцiша Вырвiча". Потым сутыкнуцца з плакатам фільма пра Купалу. Адным словам, "Беларусьфільм" на адкрыцці фестывалю літаральна быў на кожным кроку.
Здаецца, беларускае кіно пачынае ажываць, можа, таму і патрэба ў гучных імёнах на чырвонай дарожцы ўжо не так высокая.
Перад пачаткам кінафестывалю традыцыйна разбілі аб штатыў камеры талерку, і цяпер наперадзе ў аматараў кіно цэлы фестывальны тыдзень. Калі вы не ведалі, як правесці вялікія лістападаўскія выхадныя, вывучыце афішу "Лiстапада".