Праблема з доўгім чаканнем анкалагічных аперацый будзе вырашацца за кошт "выбудоўвання выразнай лагістыкі руху пацыентаў", заявіў у эфіры СТБ міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, каментуючы прэтэнзію аб тым, што людзям даводзіцца па 2-3 месяцы стаяць у чарзе. Гэты папрок у адрас медыкаў на мінулым тыдні выказаў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ў Бараўлянах.
Па словах кіраўніка Міністэрства аховы здароўя, сістэма аказання дапамогі хворым на рак павінна быць рознаўзроўневай, да прыкладу, па месцы жыхарства пацыентаў цалкам можна ўжываць методыкі і аказваць лячэнне, якое не патрабуе напраўлення ў РНПЦ, пры абавязковай ўмове якаснага аказання такога лячэння.
"Мы плануем укараніць механізмы акрэдытацыі. Медыцынская анкалагічная ўстанова будзе акрэдытавана пад пэўны від дапамогі. Тыя ж пацыенты, якія маюць патрэбу ў нейкіх унікальных методыках, якія немагчыма аказаць па месцы жыхарства, павінны накіроўвацца ў РНПЦ анкалогіі", - растлумачыў Каранік.
Пытанне чэргаў і працягласці чакання (а кіраўнік дзяржавы агучыў тэрміны ў 2-3 месяцы) профільнае ведамства плануе зняць, пераразмеркаваўшы паток пацыентаў па розных медустановах і стварыўшы эфектыўную сістэму аказання дапамогі на розных узроўнях, паведаміў міністр.
"Тут асноўнае - не чарга сама па сабе, галоўнае, каб гэты перыяд чакання негатыўна не адбіваўся на ходзе анкалагічнага працэсу", - падкрэсліў Каранік.
Акрамя таго, вырашэнню праблемы чэргаў можа паспрыяць і больш эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў, наяўных у распараджэнні медыкаў, у прыватнасці, аперацыйных блокаў, адзначыў міністр.
"Каб аперацыйная працавала не чатыры гадзіны ў дзень, а столькі, колькі гэта патрэбна. Каб дыягнастычнае абсталяванне не прастойвала месяцамі, а працавала з максімальнай загрузкай", - удакладніў Каранік.
Пасля таго, як ужо наяўныя ў распараджэнні анколагаў рэсурсы будуць ужытыя больш эфектыўна, можна будзе вярнуцца да пытання "колькі нам не хапае" і выкарыстоўваць фінансаванне на ўкараненне новых методык, дадаў Каранік.